Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская — пра полк Каліноўскага і магчымы зварот да Зяленскага па дапамогу


Сьвятлана Ціханоўская і Ўладзімір Зяленскі на цырымоніі ўзнагароджаньня прэзыдэнта Ўкраіны прэміяй Карла Вялікага, выступае канцлер Нямеччыны Оляф Шольц
Сьвятлана Ціханоўская і Ўладзімір Зяленскі на цырымоніі ўзнагароджаньня прэзыдэнта Ўкраіны прэміяй Карла Вялікага, выступае канцлер Нямеччыны Оляф Шольц

Дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская не выключае ў пэўных абставінах звароту да прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага з просьбай дапамагчы ў вызваленьні Беларусі.

Пра гэта яна заявіла ў інтэрвію ўкраінскай журналістцы Натальлі Масійчук. Размова ў інтэрвію, у прыватнасьці, ішла пра магчымую ролю палку Каліноўскага ў палітычных зьменах у Беларусі.

— Якія ў вас стасункі з прадстаўнікамі палка Каліноўскага і ці разглядаеце вы ўдзел гэтага падразьдзяленьня ў вызваленьні Беларусі ад тэрарыстычных войскаў РФ?

— У нас доўга не было шчырага дыялёгу з добраахвотнікамі з палку Кастуся Каліноўскага. Яны, напэўна, не прымаюць маю больш мірную пазыцыю па вызваленьні Беларусі. Я іх разумею, разумею, чаму ў іх такое стаўленьне. Я праз пасярэднікаў заўсёды была на сувязі з палком. Нядаўна ў нас была першая сустрэча, мы паразмаўлялі з камандаваньнем, гэта была вельмі канструктыўная размова. У нас з каліноўцамі супадае думка, што Беларусь павінная быць свабодная, што наш вораг — рэжымы Лукашэнкі і Пуціна.

Я ганаруся тым, што беларусы ўдзельнічаюць у вызваленьні Ўкраіны. Яны адмываюць зараз гонар і годнасьць Беларусі.

Што тычыцца вызвольнага руху, то зараз нельга выключаць ніякіх сцэнароў. Але я ўсьведамляю, што адных каліноўцаў ня хопіць, нам патрэбная моцная падтрымка ўнутры краіны найперш. У тым ліку, каб беларуская армія падтрымала беларусаў, калі гэтае вакно магчымасьцяў адкрыецца. Каліноўцы кажуць, што яны прыйдуць вызваляць Беларусь. Але важна, каб гэта не ўспрымалася беларусамі так, што яны пачакаюць, пакуль іх вызваляць. Адказнасьць кожнага беларуса тут павінная праяўляцца. Не сядзець і чакаць, што нехта прыйдзе і ўратуе, а кожнаму быць гатовым у той самы момант быць актыўным і падтрымаць каліноўцаў, палітычных актывістаў, валянтэраў.

Тады нам патрэбная будзе і міжнародная падтрымка. І падтрымка Ўкраіны. Некаторыя кажуць, што магчымы толькі сілавы сцэнар. Магчымыя розныя сцэнары, і да ўсіх трэба быць гатовымі. Я мяркую, што нашыя доблесныя валянтэры стануць ядром беларускай арміі.

— Ці бачыце вы сцэнар, калі вы зьвернецеся да вярхоўнага галоўнакамандуючага Ўкраіны Ўладзіміру Зяленскаму з просьбай дапамагчы вызваліць Беларусь?

— Я гэтага не выключаю.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG