Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вызваліць Беларусь мы можам толькі разам». Ціханоўская паразмаўляла з байцамі палку Каліноўскага


Скрыншот відэагутаркі апублікаваў полк Каліноўскага
Скрыншот відэагутаркі апублікаваў полк Каліноўскага

Дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская паразмаўляла празь відэасувязь з групай байцоў палку імя Кастуся Каліноўскага.

Прэс-служба Сьвятланы Ціханоўскай паведаміла пра размову і працытавала палітыка:

«Вызваліць Беларусь мы можам толькі разам. Нам трэба размаўляць і аб’ядноўвацца. Кожны працуе ў сваім кірунку. Каліноўцы сёньня змагаюцца ня толькі за Ўкраіну, але і за свабодную Беларусь. Мы падтрымліваем іх працу і ўсіх тых, хто працягвае барацьбу», — адзначыла Ціханоўская.

Паводле Ціханоўскай, яна падзякавала добраахвотнікам «за іх гераізм»: «У нас супольная мэта — свабодная, незалежная і дэмакратычная Беларусь», — адзначаецца ў паведамленьні.

У тэлеграм-канале палку Каліноўскага апублікавалі скрыншоты запісу сустрэчы і паведамленьне пад загалоўкам «Беларусь можна вызваліць толькі сілавым шляхам!», у якім гаворыцца пра тое, што байцы палку «данесьлі сваю пазыцыю Сьвятлане Ціханоўскай». Падрабязнасьцяў гутаркі ў палку не паведамілі.

Як паведамілі «Зеркалу» ў падразьдзяленьні, сустрэча была азнаямленчая, «з пэрспэктывай на будучыню». У ёй удзельнічаў таксама дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны Аляксей Ганчарэнка. «У грамадзтве патрэбная кансалідацыя ўсіх людзей, што прагнуць свабоды Беларусі», — адзначылі ў падразьдзяленьні.

Галоўны дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка ў камэнтары BPN не ўдакладніў, па чыёй ініцыятыве адбылася сустрэча, спаслаўшыся на тое, што бакі дамовіліся не раскрываць яе дэталі, і заявіў, што гэта была «нармальная канструктыўная сустрэча»:

«Будзем супрацоўнічаць. Там розныя людзі, з рознымі поглядамі, але вялікім жаданьнем дзейнічаць. Гэта самае галоўнае», — дадаў ён.

  • Батальён імя Кастуся Каліноўскага быў створаны 9 сакавіка 2022 году. 26 сакавіка ён увайшоў у склад Узброеных сіл Украіны. 21 траўня было абвешчана пра яго трансфармацыю ў полк у складзе двух батальёнаў — «Волат» і «Тэрор». Пазьней быў сфармаваны трэці — «Літвін». У далейшым «Тэрор» стаў асобным падразьдзяленьнем УСУ па-за складам палку Каліноўскага.
  • У Беларусі па факце стварэньня палку Каліноўскага распачатая крымінальная справа, ён прызнаны «экстрэмісцкім фармаваньнем».
  • Міністар унутраных спраў Іван Кубракоў летась 20 лістапада заявіў пра вызначэньне амаль 160 беларусаў, якія ваююць ва Ўкраіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG