Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен у нядзелю правёў у Пэкіне перамовы з афіцыйнымі асобамі КНР. Гэта першы візыт прадстаўніка кіраўніцтва ЗША такога высокага рангу ў Кітай амаль за пяць гадоў, піша «Голас Амэрыкі».
Бакі выказалі надзею на плённы дыялёг і перадухіленьне канфліктаў у сытуацыі, калі дзьве найбуйнейшыя эканомікі сьвету разыходзяцца ў пазыцыях у шэрагу пытаньняў — ад гандлю і тэхналёгіяў да рэгіянальнай бясьпекі і праблемы Тайваню.
Блінкен і яго дэлегацыя двухдзённы візыт сустрэчай зь міністрам замежных справаў Кітаю Цінь Ганам.
«Дзяржаўны сакратар падкрэсьліў значэньне дыпляматыі і падтрыманьня адкрытых каналаў сувязі ўва ўсім спэктры пытаньняў, каб зьнізіць небясьпеку няправільнага ўспрыманьня і пралікаў», — заявіў афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту Мэт’ю Мілер.
Дзяржаўны сакратар падняў пытаньне аб вывучэньні магчымасьці супрацы з КНР у «міжнародных праблемах — там, дзе нашыя інтарэсы супадаюць», — дадаў Мілер.
Ён таксама паведаміў, што дзяржаўны сакратар Блінкен запрасіў Цінь Гана наведаць Вашынгтон «для працягу перамоваў, і яны дамовіліся заплянаваць візыт у адказ у зручны для абодвух бакоў час».
Чакаецца, што падчас візыту кіраўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту таксама сустрэнецца з загадчыкам канцылярыі камісіі замежных справаў ЦК КПК Ван І і, магчыма, з старшынём КНР Сі Цзіньпінам.
Перш кіраўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту плянаваў наведаць Кітай у лютым, але адклаў паездку на фоне абвастрэньня адносінаў — у прыватнасьці, з прычыны эпізоду са зьбітым над тэрыторыяй ЗША кітайскім выведным аэрастатам.
Пасьля інцыдэнту прэзыдэнт Джо Байдэн і старшыня КНР Сі Цзіньпін сустрэліся ў лістападзе на палях саміту G20 на востраве Балі, дзе дамовіліся аб візыце Блінкена.
«Спадзяюся, што цягам наступных некалькіх месяцаў я зноў сустрэнуся зь Сі і паразмаўляю (зь ім) аб рознагалосьсях, якія маем, а таксама як мы можам знайсьці агульную мову», — сказаў тады Байдэн.
Намесьнік кіраўніка МЗС КНР Хуа Чуньін выказала ў нядзелю ў Твітэры спадзеў, што сустрэча «дапаможа вярнуць кітайска-амэрыканскія адносіны да таго, пра што два прэзыдэнты дамовіліся на Балі».
Два лідэры, праўдападобна, прымуць удзел у наступным саміце G20 у верасьні ў Нью-Дэлі, а Сі запрошаны ў Сан-Францыска ў лістападзе, дзе пройдзе форум Азіяцка-Ціхаакіянскай эканамічнай супрацы.
- Візыт Блінкена стаў першым візытам у Кітай прадстаўніка адміністрацыі ў рангу міністра з таго часу, як ЗША абвінавацілі Пэкін у генацыдзе ўйгурскай меншасьці.