Памежны камітэт Беларусі заявіў, што ў канцы траўня ў Лоеўскім раёне Гомельскай вобласьці памежны нарад зьбіў «бесьпілётнік, які рухаўся з украінскай тэрыторыі».
У часе яго ліквідацыі нібыта здэтанавала выбуховая прылада, якая была прымацавана да борта бесьпілётніка.
«Прызначана праверка ў межах Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Па гэтым факце праводзяцца далейшыя мерапрыемствы», – адзначаецца ў паведамленьні Памежнага камітэту Беларусі.
Памежнікі Беларусі з другой палавіны 2022 году пэрыядычна паведамляюць аб перахопах украінскіх дронаў. Украінскі бок гэтых паведамленьняў ніколі не камэнтаваў.
З пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну 24 лютага беларускія ўлады падтрымалі Расею, дазволіўшы расейскім войскам скарыстаць тэрыторыю краіны і вайсковую інфраструктуру, у прыватнасьці для нанясеньня авіяцыйных і ракетных удараў па ўкраінскіх гарадах.
У Кіеве паведамлялі, што расейскія войскі неаднаразова запускалі з вайсковых аэрадромаў Беларусі ракеты і дроны іранскага паходжаньня.