Злучаныя Штаты плянуюць перадаць Украіне снарады зь зьбедненым уранам для танкаў «Абрамс». Высокапастаўлены чыноўнік адміністрацыі ЗША заявіў газэце The Wall Street Journal, што няма «сур’ёзных перашкодаў», каб зацьвердзіць гэтае рашэньне.
Паводле крыніцы, дыскусія аб абсталяваньні танкаў «Абрамс» доўжылася некалькі апошніх тыдняў. Пэнтагон выступіў за пастаўку Ўкраіне снарадаў са зьбедненым уранам, якія рэгулярна выкарыстоўвае войска ЗША і якія эфэктыўныя супраць расейскіх танкаў. Адзначаецца, што гэтыя снарады здольныя прабіць лабавую браню расейскага танка на адлегласьці.
Прапанову абмяркоўвалі ў Белым доме. Некаторыя афіцыйныя асобы выказалі занепакоенасьць магчымай крытыкай на адрас Вашынгтону за адпраўку такіх снарадаў — бо перадаецца зброя, якая можа ўяўляць небясьпеку для здароўя і навакольнага асяродзьдзя.
Высокапастаўленыя чыноўнікі адміністрацыі Байдэна заявілі, што мэта ЗША палягае ў тым, каб дазволіць Украіне дабіцца як мага большага прагрэсу на полі бою, паставіць Кіеў у моцную пазыцыю на перамовах, калі ўрэшце мірныя перамовы пачнуцца. Але ўнутры адміністрацыі ўзьніклі рознагалосьсі наконт таго, як лепш падтрымліваць украінскую армію, у тым ліку — ці пастаўляць касэтныя боепрыпасы.
«У Расеі ёсьць снарады са зьбедненым уранам, Масква пакідае за сабой права прымяніць іх ва Ўкраіне ў якасьці адказу», — заявіў Пуцін, камэнтуючы інфармацыю пра магчымыя заходнія пастаўкі Кіеву, пішуць расейскія СМІ.
- Рашэньне аб перадачы Ўзброеным сілам Украіны 31 танка Abrams было прынятае Вашынгтонам у студзені 2023 году. Снарады са зьбедненым уранам валодаюць лепшай бранябойнасьцю, чым звычайныя. Зьбеднены ўран — гэта адходы працэсу ўзбагачэньня ўрану. Ён таксама можа выкарыстоўвацца пры вытворчасьці ядзернай зброі.
- Раней Украіна ўжо атрымала снарады гэтага тыпу ад Вялікай Брытаніі — для абсталяваньня брытанскіх танкаў «Чэленджэр-2». Расея тады назвала гэты крок «сурʼёзнай эскаляцыяй канфлікту». «Гэта шырока распаўсюджаны тып боепрыпасаў, які выкарыстоўваецца дзесяцігодзьдзямі з прычыны яго бранябойных уласьцівасьцяў», — заявіў у адказ прадстаўнік Рады нацыянальнай бясьпекі ЗША Джон Кірбі, падкрэсьліўшы, што гэтыя снарады не радыяактыўныя і не адносяцца да ядзернай зброі.