Грамадзянін Беларусі Максім Зязюльчык, асуджаны ў Кіеве на 10 гадоў пазбаўленьня волі за ўдзел у якасьці найміта ў вайне ва Ўкраіне на баку Расеі, знаходзіцца на ўкраінскай тэрыторыі.
Як стала вядома Свабодзе, Максім Зязюльчык асабіста падпісаў заяву, у якой пагадзіўся, што яго перададуць у Расею ў абмен на палоннага вайскоўца, грамадзяніна Ўкраіны.
Пасьля набыцьця моцы выракам, вынесеным 18 студзеня, асуджаны беларус знаходзіўся ў Кіеўскім сьледчым ізалятары. Калі дамовяцца пра абмен, яго перададуць пад кантроль Каардынацыйнага штабу Ўкраіны ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі.
У выпадку, калі Максім Зязюльчык ня трапіць пад абмен, ён будзе адбываць пакараньне ва Ўкраіне. Але для гэтага пракурор мусіць зьвярнуцца ў суд, каб скасаваць папярэдняе рашэньне, згодна зь якім яго вызвалілі ад адбыцьця пакараньня.
Свабода не змагла атрымаць камэнтар у дзяржаўных органах Украіны, якія займаюцца арганізацыяй абмену, бо там пазьбягаюць падрабязнасьцяў наконт абменных працэсаў з Расеяй, называючы абмены «асабліва адчувальнай тэмай» і «далікатным працэсам».
Пазьней стала вядома, што Расея і Ўкраіна правялі 7 сакавіка абмен ваеннапалоннымі. Аднак Свабодзе пакуль не ўдалося высьветліць, ці трапіў Максім Зязюльчык у сьпіс асобаў, якіх Украіна перадала Расеі.
Летась у чэрвені ў баях пад Лісічанскам загінулі чацьвёра беларусаў, яшчэ два трапілі ў расейскі палон і знаходзяцца там дагэтуль. Беларускія арганізацыі заклікалі ўкраінскую ўладу ўключыць іх у абменныя сьпісы.
Хто такі Зязюльчык
Максім Зязюльчык нарадзіўся ў Рудзенску Пухавіцкага раёну Менскай вобласьці. Служыў у падразьдзеле «Вэтэраны» кулямётнікам-рэтрансьлятарам з 21 ліпеня 2022 году. Да 25 жніўня ён знаходзіўся на пазыцыях сілаў Расеі ў акупаваным горадзе Ізюм Харкаўскай вобласьці.
Батальён «Вэтэраны» — падразьдзел прыватнай вайсковай кампаніі «Рэдут», якая спачатку ня ўдзельнічала ў баявых дзеяньнях, а выконвала функцыю аховы аб’ектаў.
Максім Зязюльчык удзельнічаў у баях каля Краснапольля ў Данецкай вобласьці. У час баёў за пазыцыі ў лесапаласе Дубы 30 ліпеня ён быў паранены і да 25 жніўня лячыўся на базе сталай дысьлякацыі «Рэдуту» ў Ізюме Харкаўскай вобласьці.
25 жніўня ў складзе батальёну «Вэтэраны» яго перакінулі на пазыцыі каля Сватава ў Луганскай вобласьці, дзе ішлі найбольш жорсткія баі. Пазьней расейцы перакінулі гэты падразьдзел у Ліманскі раён Данецкай вобласьці.
Урэшце 19 верасьня Максім Зязюльчык трапіў у палон да ўкраінскіх вайскоўцаў. 18 студзеня 2023 году суд асудзіў яго на 10 гадоў пазбаўленьня волі — максымальны тэрмін, прадугледжаны паводле выстаўленых яму абвінавачаньняў ва ўдзеле ў якасьці найміта ў збройным канфлікце, ваенных або гвалтоўных дзеяньнях (ч. 4 артыкула 447 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны).
Пасьля судовага выраку СБУ паведаміла, што Максім Зязюльчык быў агентам КДБ Беларусі — нібыта ў сьнежні 2020 году ён паступіў на службу ў 2-гі антытэрарыстычны аддзел КДБ на пасаду «выведніка».
Паводле легенды, ён меўся дзейнічаць пад выглядам замежнага найміта, каб сабраць інфармацыю пра ўзоры замежнага ўзбраеньня, якія атрымліваюць падразьдзелы Ўзброеных сіл Украіны ад заходніх партнэраў, а таксама «выведаць пляны магчымага ўдзелу расейскіх прыватных кампаній у спробах адхіліць ад улады дзейнага рэжыму самаабвешчанага прэзыдэнта Лукашэнкі». Сабраную выведную інфармацыю ён павінен быў перадаваць у Менск праз сувязнога.
Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.