Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падручнікі 90-х па гісторыі сьпісаць, Алексіевіч прыбраць, Быкава «інвэнтарызаваць». Як праходзяць «чысткі» ў беларускіх бібліятэках


Кнігі першай беларускай нобэлеўскай ляўрэаткі ў літаратуры Сьвятланы Алексіевіч загадалі схаваць у архівы бібліятэк у Беларусі. На фота: кніга «Сьвятлана Алексіевіч. 100 цытатаў на Свабодзе»
Кнігі першай беларускай нобэлеўскай ляўрэаткі ў літаратуры Сьвятланы Алексіевіч загадалі схаваць у архівы бібліятэк у Беларусі. На фота: кніга «Сьвятлана Алексіевіч. 100 цытатаў на Свабодзе»

Праверкі ў школьных бібліятэках пачаліся ў лютым 2023 году. Пагаварылі з кнігавыдаўцом, філёзафам і супрацоўніцай бібліятэкі.

Крыніцы Свабоды расказалі, што ў беларускіх бібліятэках праходзяць праверкі з боку аддзелаў культуры, у асноўным ідэолягаў. З паліц загадалі прыбраць гістарычныя кнігі, выдадзеныя ў 90-х. Але ня толькі.

«У нашай раённай бібліятэцы прайшла „інвэнтарызацыя“. Ідэолягі з аддзелу культуры сказалі прыбраць з паліц — пакуль не паліць, праўда, а здаць у архіў кнігі па гісторыі, выдадзеныя ў 90-я гады. Нават тыя, дзе няма бел-чырвона-белага сьцяга ці Пагоні. Такія кнігі, дарэчы, у нас даўно прыбраныя ў архіў. Адназначна сказалі схаваць у архіў кнігі Сьвятланы Алексіевіч, кнігі пра паўстаньне 1863 году, пра асобу Кастуся Каліноўскага», — расказала на ўмовах ананімнасьці супрацоўніца адной з раённых бібліятэк.

Па інфармацыі Свабоды, «чысткі» праходзяць зь лютага 2023 году і ў школьных бібліятэках. Там загадалі прыбраць падручнікі па гісторыі, выдадзеныя ў 90-х гадах, і некаторыя гістарычныя кнігі.

«Наконт кніг Васіля Быкава сказалі „правесьці інвэнтарызацыю“. Іх не гаварылі прыбіраць, а толькі палічыць — колькі кніг, якія менавіта творы ёсьць. Але ж яго праходзяць у школьнай праграме», — расказала крыніца Свабоды.

«Гэта агульны трэнд на зьнішчэньне ўсяго беларускага, які дыктуецца з Усходу»

Філёзаф Павал Баркоўскі ў камэнтары Свабодзе зазначыў, што ягоныя крыніцы ў Беларусі пацьвярджаюць «чысткі» ў бібліятэках — многія кнігі бібліятэкары здымаюць з фондаў і перадаюць пад росьпіс начальству.

«Куды кнігі пойдуць далей, на ўтылізацыю ці ў сховішчы, ніхто ня ведае. Ведаю, што звальняюць людзей, якія былі адказнымі за камплектацыі фондаў і хто мог дазволіць сабе закупляць кнігі недзяржаўных выдавецтваў. Такіх людзей замяняюць больш паслухмянымі», — кажа філёзаф.

Сытуацыю з кнігамі беларускіх аўтараў ён называе «незайздроснай».

«Для цяперашняй улады важна неяк кантраляваць розумы грамадзян за кошт таго, каб пазбаўляць іх магчымасьці чытаць „забароненую“ літаратуру. Нічога новага яны не выдумалі — так рабілі бальшавікі пасьля 1917 году», — сьцьвярджае Павал Баркоўскі.

Дзеяньні па «чыстках» бібліятэк, на думку суразмоўцы, укладваюцца ў «агульны трэнд на зьнішчэньне ўсяго беларускага», які, лічыць філёзаф, дыктуецца з Усходу.

«Гэты трэнд — рэпрэсіі супраць ідэалягічна нявывераных інфармацыйных прадуктаў, у тым ліку кніг», — кажа Павал Баркоўскі.

Ён нагадаў, што кнігі з альтэрнатыўнай падачай гісторыі, выдадзеныя ў часы адноснай свабоды (90-я гады), з гістарычнай сымболікай доўгі час дазваляліся ў Беларусі, прадаваліся ў кнігарнях, былі ў бібліятэках. Дзяржава іх ці не кантралявала, ці «кантралявала ўмоўна».

«Цяпер жа, калі рэжым стаў таталітарным, маналітным, ён ня хоча пакідаць аніякіх шчылін для сваіх грамадзян. Усе таталітарныя рэжымы пачыналі з таго, што браліся за кнігі», — дадаў філёзаф.

Суразмоўца лічыць, што нават у такім становішчы людзі могуць супраціўляцца, напрыклад захоўваць кнігі ў пэрсанальных бібліятэках, ратаваць тыя, якія «ідуць пад нож» у публічных бібліятэках.

«Тым больш цяпер за мяжой адкрываюцца выдавецтвы, якія друкуюць беларускія кнігі. Наўрад ці ўладам удасца зачысьціць усё пад нуль, тым больш у эпоху інтэрнэту. Але яны будуць імкнуцца „гасіць“ усе ачагі іншадумства, заганяць у глыбокае падпольле», — кажа Павел Баркоўскі.

«Беларускую мову і літаратуру яны не заб’юць»

Кнігавыдавец Валянціна Андрэева, якая цяпер працягвае сваю справу ў Польшчы, пракамэнтавала Свабодзе «навацыі» ў беларускіх бібліятэках.

«Улады працягваюць рабіць тое, за што, уласна, мы іх і не прымаем: кансэрвуюць нашу краіну ў мінулым, імкнуцца спыніць гісторыю. Вядома, па глябальных мерках гэта сьмешна і недарэчна — і беларускай мовы, беларускай літаратуры яны не заб’юць. Але, выкрэсьліваючы творы з праграмы, хаваючы зь бібліятэчных паліц, яны забяруць важную веду у яшчэ аднаго пакаленьня беларусаў: веду пра сябе, пра гісторыю і злачынствы папярэдніх ста гадоў. І беларусам зноў давядзецца вучыць гэты ўрок», — выказалася кнігавыдавец.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG