Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Плястмасавыя кветкі. Зацемкі пра сучасную лёгіку беларускай культуры


 «Дажынкі» у Мядэлі, 2018, ілюстрацыйнае фота.
«Дажынкі» у Мядэлі, 2018, ілюстрацыйнае фота.

Навіны беларускай культуры што ўнутры краіны, што за яе межамі почасту не паддаюцца лёгіцы і асэнсаваньню.

Поле цудаў «Купалінкі»

Сяброўка дзяцінства, зь якой апошні раз бачыліся гадоў сем таму, даслала спасылку з заклікам глядзець расейскую тэлепраграму «Поле чудес» з удзелам фольк-гурту «Купалінка». Ведаючы, што ў гэтым калектыве, прыпісаным да Белдзяржфілярмоніі, артыстам ёсьць і ейны сын, я некалькі дзён пакутліва раздумвала, як бы гэта ветлівей растлумачыць ёй, чаму не адгукнуся на ейны заклік. Тым часам праграма выйшла ў этэр, і мая сяброўка даслала мне фота са шчасьлівымі тварамі «купалінкаўцаў». Баючыся, што мне ня хопіць далікатнасьці ў адказ, я прамаўчала. Кідаць ёй спасылкі на арышт кіраўніцы хору Белдзяржунівэрсытэту за адмову пацяшаць расейскіх акупантаў Данбасу — што тыя пэрлы перад...

Шкада, харошая сяброўка была. Некалі. Да вайны. А яшчэ больш шкада ейнага «купалінкаўца»-сына, які зганьбіў сябе, забыўшыся пра «Купалінку», якая сталася гімнам пратэстоўцаў 2020-га.

Лясныя канцэрты

«Купалінку» часта сьпявалі на так званых дваровых канцэртах у першую пасьляпратэставую восень. Многія з тых артыстаў, атрымаўшы ў якасьці ганарараў турэмныя суткі, пакінулі беларускія дваровыя сцэнічныя пляцоўкі. Бальшыня зь іх цяпер выступае ў клюбах, пабах, а то і на прысядзібных дзялках Беластоку, Гданьску, Познані, Варшавы, Уроцлава, Бэрліну, Прагі... І слухаюць іх пераважна тыя самыя людзі, што і ў Менску пры канцы 2020-га...

Але вось днямі данеслася вестка, што «Купалінка» зноў гучыць у Менску. Што праўда, не ў самой сталіцы, а ў прылеглых да яе лясох. І артыстаў, і слухачоў там штораз более. Хоць трапіць на тыя «лясныя» канцэрты ня так проста, як у 2020-м на «дваровыя». Што называецца — плавалі, знаем. Навучаныя. Асобныя «заслужаныя» дзеячы крыўдуюць, што іх не запрашаюць выступаць на квяцістых паплавах ды палянах. Выбачайце. Абражанае ваша самалюбства зразумелае, але і партызанскае кансьпірацыі ніхто не адмяняў.

Незалежная журналістыка і «прымальная творчасьць»

Вядомая журналістка захоплена піша на сваёй фэйсбучнай старонцы пра інтэрвію Веры Паляковай-Макей газэце «Народная Воля». Удава экс-міністра расказвае пра свае пляны па зьнішчэньні беларускамоўнага рэпэртуару ў падначаленым ёй Тэатры юнага гледача, а расейскамоўная аглядальніца беларускай культуры захапляецца арганізатарскім талентам кіраўніцы ТЮГу. Засталося яшчэ ўславіць дзеяньні цяперашняй ахмістрыні зьнішчанага ўладамі Купалаўскага тэатру і новымі парадкамі высьвятленьня «прымальнай творчасьці», пра якія заявіў нібыта міністар нібыта беларускай культуры.

Аб’яднаньне, улік і... кантроль

Тым часам зьявіліся абвесткі пра намер некалькіх вядомых дзеячоў беларускай культуры, якія апынуліся ў вымушанай эміграцыі, правесьці сёлета ў верасьні ў Варшаве кангрэс. Мэты ягоныя, згодна з заяўленай праграмай, самыя высакародныя. Цытуем:

  • «пашырэньне ведаў пра знаходжаньне і дзейнасьць асобных беларускіх творцаў і арганізацый у эміграцыі, стварэньне агульнай кантактнай базы і лічбавай пляцоўкі для дапамогі ў арганізацыі культурных працэсаў і знаходжаньня патрэбных кантактаў і інфармацыі;
  • інфармаваньне аб актуальнай сытуацыі з рэпрэсіямі беларускіх творцаў і культурных арганізацый у Беларусі;
  • наладжваньне сувязяў і супрацы паміж беларускімі і польскімі творцамі і культурнымі арганізацыямі;
  • аб’яднаньне беларускай культурнай супольнасьці ў Польшчы, стварэньне новых творчых праектаў, дапамога ў іх каардынацыі, выпрацоўваньне агульнай стратэгіі ў дасягненьні агульных мэтаў;
  • папулярызацыя беларускага мастацтва ў краінах Эўразьвязу;
  • пошук шляхоў для стварэньня і рэалізацыі праектаў, накіраваных на падтрымку дзеячоў культуры і іх дзейнасьці, якія знаходзяцца ў Беларусі і за яе межамі;
  • будаваньне культурных мастоў і супрацы з польскімі арганізацыямі культуры і іх прадстаўнікамі».

Здавалася б, што тут можна запярэчыць. Анічога. Калі б усе гэтыя «пашырэньне», «інфармаваньне», «аб’яднаньне», «будаваньне» і г.д. былі заяўленыя ў дакумэнце гадоў трыццаць таму. У далічбавую эпоху.

Цяпер жа адным клікам можна знайсьці ўсё, што каму трэба. Без памагатых, якім вельмі хочацца аб’яднаць нас. І стаць над намі і нашаю творчасьцю начальнікамі. З улікам і кантролем.

Цьвітуць без начальнікаў і кантралёраў

Адчыніўшы дзьверы ў сваю першую «ўцякацкую» кватэру, я была агаломшаная ўбачаным: усю магчымую прастору займалі вазоны з высачэзнымі кветкамі. Штучнымі. Кінуўшы валізкі, я адразу пачала рассоўваць іх, імкнучыся схаваць як найдалей. Барацьба з плястыкам доўжылася зь пераменным посьпехам два месяцы, аж пакуль не прыехаў гаспадар. Ён вельмі зьдзівіўся пераменам у кватэры. А яшчэ болей зьдзівіўся, калі выйшаў пакурыць на балькон. Там у некалькіх гаршчэчках цьвілі жывыя кветкі. «І што цяпер мне зь імі рабіць? Іх жа паліваць трэба!». Мне нічога іншага не заставалася, як забраць сваіх гадаванцаў у новае найманае жыльлё. Так і важу іх па чужых кватэрах. Са сваёй любоўю і клопатам.

Яны — мая «Купалінка» на пратэставых маршах, дваровых канцэртах, пад шатамі дзікага лесу. Жывая. Духаўздымная. Натхняльная. Без начальнікаў і кантралёраў.

Усё астатняе — плястмасавыя кветкі, якія стаяць па ранжыры вакол гаспадара.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG