Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Instasamka, Газманаў, Лазараў, «Ленинград». Хто цяпер выступае на беларускіх сцэнах


Расейская блогерка і сьпявачка Дар'я Зацеева (Instasamka)
Расейская блогерка і сьпявачка Дар'я Зацеева (Instasamka)

Цягам апошніх гадоў многія беларускія і замежныя музыкі праз сваю грамадзянскую пазыцыю страцілі магчымасьць выступаць у Менску і іншых гарадах Беларусі. Хто ж заняў гэтую пустку?

Instasamka ў Браславе

Вельмі шмат расейскіх зорак сёлета выступіць на фэстывалі Viva Braslav. Напрыклад, Instasamka (сапраўднае імя — Дар’я Зацеева). Паводле ўкраінскага агенцтва УНІАН, дзяўчына падтрымала вайну супраць Украіны і нават перадала расейскаму войску мільён расейскіх рублёў (амаль 12 500 даляраў). Таксама агенцтва адзначае, што ў 2021 годзе Instasamka выступала ў Кіеве, і яе творчасьць дагэтуль вельмі папулярная сярод украінцаў.

Цікава, што канцэрты Instasamki і Moneyken (таксама выступіць у Браславе) сёлета адмянялі ў некаторых гарадах Расеі. Паводле заявы курскага Мінкульту, тэксты гэтых артыстаў «спэкулююць тэмамі дэвіянтных паводзінаў, экстрэмізму, радыкалізму, утрымліваюць тэматыку, якая шкодзіць духоўна-маральнаму выхаваньню моладзі і імені рэгіёна», — піша расейскае выданьне Gazeta.ru.

Некаторыя расейскія мэдыя пішуць пра скандалы, зьвязаныя са сьпявачкай. Нібыта Instasamkа інсцэнізавала абрабаваньне ўласнай кватэры і нават аўтамабільную аварыю, у якую быццам трапіў яе партнэр Moneyken. Таксама дзяўчына абліла кур’ера, які дастаўляў ежу, тым, што зьмяшчалася ў попельніцы, пасьля гэтага «Яндекс.Еда» назаўжды заблякавала яе акаўнт.

На фэстывалі Viva Braslav выступіць і дуэт HammAli & Navai — сьпевакі Аляксандар Громаў (па нараджэньні Аліеў) і Наваі Бакіраў. На пачатку вайны Аляксандар выступіў за мір і напісаў у сторыс у сваім інстаграме: «Мне ня верыцца, што гэта адбываецца з намі. Мы ня хочам вайны. Мы хочам міру». У 2019 годзе ў гурту выйшла песьня на ўкраінскай і расейскай мовах «Я закохався», створаная сумесна з украінскім артыстам Мішам Марвіным.

Хто выступіць на «Славянскім базары»

Найбольш расейскіх зорак выступіць на «Славянскім базары» ў Віцебску. Напрыклад, 12 ліпеня адбудзецца канцэрт Сяргея Лазарава. Тое ж УНІАН паведамляла, што сьпявак спачатку выступіў супраць вайны, але потым выдаліў усе пасты ў сацыяльных сетках. Пазьней Лазараў прыехаў з канцэртам для дзяцей Данбасу, піша «Комсомольская правда»

13 ліпеня будзе канцэрт і сьпевака Ўладзіміра Прэсьнякова, які ня толькі публічна падтрымаў вайну ва Ўкраіне, але і аддаў свой ганарар з канцэрту ў Маскве расейскім вайскоўцам.

Будзе на «Славянскім базары» расейскі гурт «На-На», якому забаранілі ўезд ва Ўкраіну праз выступ у акупаваным Крыме. Таксама гурт «Город 312», які выступіў вясной 2022 году на мерапрыемстве «Za мир! Za Россию! Za президента!».

Там жа выступіць і расейская зорка Ганна Семяновіч, яна крытыкавала ўкраінскіх артыстаў, якія асуджалі вайну, а потым пачала адкрыта падтрымліваць палітыку Пуціна ў дачыненьні да Ўкраіны. Ганна хадзіла на антысанкцыйныя мітынгі, наведвала расейскіх салдатаў у шпіталях і выступіла на канцэрце ў падтрымку вайны.

У Віцебску зайграюць Сяргей Бабунец (гурт «Смысловые галлюцинации») і Вадзім Самойлаў (гурт «Агата Кристи»), якія падтрымалі вайну Расеі супраць Украіны.

Газманаў і Ірына Круг

У Берасьці 2 ліпеня зайграе гурт «КняZz». Лідэр групы — музыка Андрэй Князеў — не выказваўся гучна супраць вайны, але 25 лютага 2022 году апублікаваў у сваім інстаграме пост, адрасаваны партнэру па гурце «Король и Шут» Міхаілу Гаршанёву, які памёр дзесяць гадоў таму: «Братишка, ты этого не видишь...».

У Менску 10 чэрвеня выступіць расейскі гурт «Ленинград». З музыкам Сяргеем Шнуравым сытуацыя неадназначная. Як піша ўкраінскае выданьне «Обозреватель» , Шнураў «засьвяціўся» ў акупаванай Луганскай вобласьці, але потым выпусьціў кліп пад назвай «Нет **йне». Але ў песьні гучыць не «война», а «х*йня». Паводле выданьня, пазыцыю музыкі можна тлумачыць па-рознаму.

На канцэрце «Музычныя вечары ў Мірскім замку» 17 чэрвеня выступіць Алег Газманаў. Да гэтага 9 траўня Газманаў выступаў у Горадні. Музыка вельмі выразна падтрымліваў палітыку Пуціна. Некалькі месяцаў таму сьпявак сказаў: «Мне 71 год. Калі радзіма загадае, я вазьму аўтамат і пайду. Але цяпер я карысны тым, што сьпяваю свае песьні». Таксама Газманаў выступаў у акупаваным Данецку.

26 кастрычніка заплянаваны канцэрт Ірыны Круг. Яшчэ ў 2021 годзе са сьпявачкай быў зьвязаны скандал, калі яна вырашыла выступаць ва ўкраінскім Дняпры. Сабралася нават акцыя пратэсту супраць яе канцэрту, бо да гэтага сьпявачка выступала ў акупаваным Крыме.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG