Былы прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп паведаміў, што фэдэральныя ўлады выставілі супраць яго абвінавачаньні ў неналежным абыходжаньні з сакрэтнымі дакумэнтамі, паведамляе BBC. Ён настойвае на сваёй невінаватасьці і абвінавачвае цяперашняга прэзыдэнта Джо Байдэна ў перасьледзе з палітычных матываў.
Трампу выставілі абвінавачаньні па сямі пунктах, уключаючы неправамернае захоўваньне сакрэтных дакумэнтаў. Самі абвінавачаньні пакуль не апублікаваныя.
Як паведаміў Трамп у сваёй сацыяльнай сетцы Truth Social, яму загадалі зьявіцца ў будынак фэдэральнага суду ў Маямі, штат Флорыда, у аўторак а трэцяй гадзіне дня (22:00 паводле Менску).
Гэта ўжо другое па ліку абвінавачаньне ў адрас Дональда Трампа і першае ў гісторыі абвінавачаньне ў адрас былога прэзыдэнта ЗША, выстаўленае фэдэральнай пракуратурай.
«Я і ўявіць сабе ня мог, што падобнае можа адбыцца з былым прэзыдэнтам Злучаных Штатаў Амэрыкі», — заявіў Трамп.
«Мы — краіна, якая перажывае сурʼёзны і імклівы заняпад. Аднак разам мы зробім Амэрыку зноў вялікай!» — напісаў ён, працытаваўшы асноўны лёзунг сваёй мінулай перадвыбарнай кампаніі.
- Дональд Трамп вядзе кампанію для вяртаньня ў прэзыдэнцкае крэсла ў 2024 годзе.
- У выпадку прызнаньня Трампа вінаватым яму можа пагражаць турэмны тэрмін.
- У той жа час экспэрты ў галіне права паказваюць, што нічога ў амэрыканскіх законах або Канстытуцыі краіны на гэтым этапе не абмяжоўвае яго магчымасьці ва ўдзеле ў перадвыбарнай гонцы.