На адпаведны ўказ Лукашэнкі № 152 ад 1 чэрвеня 2023 году зьвярнуў увагу Reform.by. Ён прадугледжвае вызваленьне ад арэнднай платы за прадстаўлены для будаўніцтва зямельны ўчастак на скрыжаваньні праспэкта Незалежнасьці і вуліцы Філімонава ў Менску з 2022 да канца 2028 году і дазваляе будаўніцтва ў «Газпром Цэнтры» бізнэс-апартамэнтаў — шматфункцыянальных памяшканьняў, у якіх уласьнікі і арандатары змогуць рэгістраваць сябе і свае сем’і.
Доўгабуд «Газпрам Цэнтра» зьявіўся на месцы зьнесенага аўтавакзала «Маскоўскі» ў 2015 годзе. Першапачаткова комплекс павінен быў уключаць у сябе офісныя памяшканьні, гатэль, фізкультурна-аздараўленчы комплекс, мэдычны цэнтар і паркінг.
Будоўлю новага комплексу «Газпраму» ў Менску коштам амаль мільярд даляраў абяцалі завяршыць у 2018 годзе. Аднак яе прыпынілі, а праз тры месяцы ў 2016 годзе «Газпрам трансгаз Беларусь» закансэрваваў незавершанае будаўніцтва.
У 2018 годзе выбралі новага генпадрадчыка — італьянскі Codest International. У пачатку 2021 году будаўніцтва зноў паставілі на паўзу.