Комплекс на месцы былога аўтавакзалу «Маскоўскі» пачалі ўзводзіць у 2015 годзе. У Маскве абяцалі, што Беларусь падобнага аб’екта «яшчэ ня бачыла».
«Выбар падраднай арганізацыі на распрацоўку тэхнічнай дакумэнтацыі на кансэрвацыю, праектную дакумэнтацыю дзеля пераўладкаваньня часовых сетак электразабесьпячэньня на будаўніцтве шматфункцыянальнага комплексу ў межах вуліц Філімонава — Макаёнка і праспэкту Незалежнасьці», — адзначаецца на афіцыйным сайце.
Кампанія гатовая заплаціць амаль 300 тысяч рублёў. Працы пачнуцца ў чэрвені і павінны завяршыцца да сакавіка 2025 году.
Як вынікае з паведамленьня беларускай «дачкі» расейскага «Газпрома», такое рашэньне прынялі па заканчэньні трох месяцаў ад даты, калі будаўніцтва аб’екта прыпынілася.
Ужо праз год пасьля пачатку працаў на аб’екце актыўнасьць пачала згортвацца, а неўзабаве будоўлю закансэрвавалі. Інжынэры спасылаліся на складаны грунт, які мог «паплыць» пад амаль 200-мэтровым будынкам. Нягледзячы на тое, што аб’ект істотна «абрэзалі» і ў вышыню, і ў функцыянальнасьці, ён так і застаўся даўгабудам.
Летась «Газпром» ад імя свайго прадстаўніцтва «Газпром трансгаз Беларусь» прасіў беларускія ўлады перанесьці тэрмін здачы аб’екта на канец 2024 году, аднак тэрмін інвэстыцыйнай дамовы ў Менску не працягнулі. Тады «Газпром» не зацьвердзіў новы каштарыс на аб’ект, будоўлю прыпынілі.
Першапачаткова комплекс павінен быў уключаць у сябе офісныя памяшканьні, гатэль, фізкультурна-аздараўленчы комплекс, мэдычны цэнтар і паркінг.