Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінабароны заявіла пра атрыманьне чарговага ЗРК С-400 і прыбыцьцё ў Беларусь расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. ЗРК С-400 у Севастопалі, 2018 год
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. ЗРК С-400 у Севастопалі, 2018 год

Завяршылася пастаўка з Расеі ва Ўзброеныя Сілы Беларусі чарговага камплекту зэнітнага ракетнага комплексу С-400, паведаміла прэс-служба Міністэрства абароны Беларусі.

Акрамя таго, у Беларусь «камбінаваным спосабам» прыбываюць вайскоўцы, узбраеньне і тэхніка са складу агульнавайсковых і танкавых злучэньняў Узброеных Сіл РФ, гаворыцца ў паведамленьні. Паводле Мінабароны, гэта адбываецца ў рамках «плянавай ратацыі воінскіх частак і падразьдзяленьняў расейскага складніка рэгіянальнай групоўкі войскаў».

«У інтарэсах павышэньня абараназдольнасьці саюзнай дзяржавы працягваецца рэалізацыя мерапрыемстваў па павышэньні баявых магчымасьцяў злучэньняў і воінскіх частак на тэрыторыі Беларусі», — адзначаецца ў прэс-рэлізе.

  • 10 кастрычніка 2022 году Аляксандар Лукашэнка абвясьціў пра дамоўленасьць з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным разгарнуць рэгіянальную групоўку войскаў на тэрыторыі Беларусі, афіцыйна — у сувязі з «абвастрэньнем сытуацыі на заходніх межах „саюзнай дзяржавы“». З 15 кастрычніка Расея пачала перакідаць войскі ў Беларусь.
  • Паводле Лукашэнкі, па выніках перамоваў з Пуціным 19 сьнежня 2022 году Беларусь паставіла на баявое дзяжурства перададзеныя Расеяй ЗРК С-400 і «Іскандэр».
  • С-400 прызначаная для зьнішчэньня паветраных і некаторых балістычных цэляў. Новыя ракеты для С-400 у стане страляць на адлегласьць да 400 кілямэтраў. Адзін комплекс С-400 (туды ўваходзіць 4 адзінкі тэхнікі) каштуе каля 650 мільёнаў даляраў.
  • 15 траўня сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка заявіў пра вывад Расеяй з тэрыторыі Беларусі сваіх войскаў, якіх раней накіроўвалі для падрыхтоўкі і далейшага перакіданьня ва Ўкраіну для ўдзелу ў баявых дзеяньнях. Паводле яго, некалькі месяцаў таму колькасьць войскаў РФ у Беларусі «магла дасягаць 10–11 тысяч», цяпер жа іх каля 2,5 тысяч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG