Суд над пісьменьніцай
У судзе Цэнтральнага раёну Менску 30 траўня асудзілі Яну Цэглу паводле ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэксу. Судзьдзя Дзьмітры Карсюк прызначыў Яне 2 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»).
Яну затрымалі 6 красавіка 2023 году. Да суду яе ўтрымлівалі пад вартай.
Яна Цэгла — пісьменьніца, аўтарка казак. Скончыла гістарычны факультэт БДУ. Вучылася ў літаратурнай школе Адама Глобуса. Апошні год дзяўчына працавала ў ЛіМе («Літаратура і мастацтва») журналісткай. Яна заснавала часопіс маладога беларускага мастацтва «Маскарад».
Аршанец адседзеў 10 «сутак» за лёзунгі «Жыве Беларусь» і «Слава Ўкраіне»
Судзьдзя суду Аршанскага раёну і г. Воршы Мікалай Драгуноў 18 траўня пастанавіў арыштаваць на 10 дзён Алега Масальскага за нібыта праведзены пікет — дакладней, за выкрыкваньне лёзунгаў «Жыве Беларусь» і «Слава Ўкраіне», паведамляе «Віцебская Вясна».
У судовым паседжаньні Масальскі растлумачыў, што днём 7 траўня ўжываў сьпіртовыя напоі. Потым накіраваўся на прыпынак, дзе сустрэў раней незнаёмага мужчыну ў вайсковай форме. Алег вырашыў праверыць, якое стаўленьне мае вайсковец да падзеяў «у Беларусі і Ўкраіне», стаў выкрыкваць адпаведныя лёзунгі.
Сьведка зь ліку вайскоўцаў пацьвердзіў, што Масальскі быў у стане алькагольнага ап’яненьня, стаў да яго чапляцца, пры гэтым пачаў гучна выкрыкваць «апазыцыйныя лёзунгі». Вайсковец патэлефанаваў у міліцыю і паведаміў пра гэта.
Затрыманы каталіцкі сэмінарыст Уладзіслаў Беладзед
31 траўня затрымалі рыма-каталіцкага сэмінарыста Ўладзіслава Беладзеда. Яго даставілі ў Цэнтральны РУУС Менску. У гэты момант Уладзіслаў знаходзіцца ў турме на Акрэсьціна.
- Уладзіслаў Беладзед — выпускнік Інстытуту тэалёгіі БДУ, пасьля заканчэньня якога паступіў у рыма-каталіцкую сэмінарыю і праходзіў практыку ў Менскім Архікатэдральным саборы.
Старонку Ціханоўскай у Instagram з 153 тысячамі падпісчыкаў прызналі «экстрэмісцкай»
Суд Гомельскага раёну прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» старонку ў Instagram дэмакратычнай лідэркі Беларусі Сьвятланы Ціханоўскай. Пра гэта паведаміла раённая дзяржаўная газэта «Маяк».
З адпаведным хадайніцтвам у суд зьвярнуўся намесьнік пракурора Гомельскага раёну Аляксандар Шынкароў. Праведзеная супрацоўнікамі нагляднага ведамства «праверка» ўстанавіла, што на старонку Ціханоўскай «падпісана 153 тысячы чалавек, зроблена практычна 1,5 тысячы публікацый», і там нібыта публікуюцца «заклікі да арганізацыі і правядзеньня незаконных сходаў, мітынгаў, вулічных шэсьцяў, дэманстрацый, пікетаваньня і іншая экстрэмісцкая дзейнасьць».
Суд пастанавіў задаволіць патрабаваньні намесьніка пракурора і прызнаў старонку Ціханоўскай у Instagram «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
«Група падтрымкі Ўкраіны». У Магілёве затрымалі траіх мужчын
Відэа з затрыманымі зьявілася ў дзяржаўным канале Магілёва — «Беларусь 4», піша «Наша Ніва».
Спачатку паказваюць кадры затрыманьня 53-гадовага прадпрымальніка Ўладзімера Тычынскага. Родам ён з Аршанскага раёну, але доўгі час жыве ў Магілёве, мае ўласны бізнэс па вытворчасьці ўваходных дзьвярэй, а таксама фірму ў Расеі, якая іх прадае. На кадрах, зьнятых ГУБАЗіКам, паказваюцца «доказы віны» Ўладзімера Тычынскага — гэта ўкраінская сымболіка ў аўтамабілі і ў яго дома.
Разам з Уладзімерам затрымалі дваіх мужчын, якіх называюць «групай падтрымкі Ўкраіны». Першы затрыманы кажа, што нібыта «Ўладзімер прапанаваў зьліць зьвесткі знаёмых у «Чорную кнігу Беларусі», але ён «адмовіўся, і з таго часу адносіны разладзіліся». За што яго затрымалі — увогуле незразумела.
Другі затрыманы кажа, што яны з Уладзімерам аднадумцы: «Ён, як і я, асуджае дзеяньні Расеі ва Ўкраіне». Іншай інфармацыі пра яго няма.
Дзяржаўны канал сьцьвярджае, што «праводзіцца праверка», а дзеяньням мужчын «даецца прававая ацэнка».
Што такое «хімія» і «хатняя хімія»
«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».
Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.
«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.
«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.
Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.
10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах