Другі раз за тыдзень Латвія моцна зьдзівіла ўвесь сьвет. Першы — узяўшы бронзу на чэмпіянаце сьвету па хакеі, другую — абраўшы прэзыдэнтам былога міністра замежных справаў і адкрытага гея Эдгарса Рынкевічса. Ён стаў першым у Эўропе кіраўніком дзяржавы, які не хавае сваёй гомасэксуальнасьці (калі не лічыць кіраўніка Сан Марына Паала Рандэлі). Раней адкрыта пра сваю гомасэксуальнасьць казалі толькі некаторыя эўрапейскія прэм'ер-міністры. Гэта быццам бы і няважна для выкананьня прафэсійных абавязкаў, але дужа важна як знак усяму сьвету — Латвія адкрытая для пераменаў і разьвіцьця.
Увогуле, з правамі ў ЛГБТ-супольнасьці ў Латвіі ўсё ня вельмі добра. Дзяржаўнага перасьледу за сэксуальную арыентацыю, на шчасьце, няма, але таксама ў аднаполых пар няма магчымасьці брацца шлюбам і ўсынаўляць ці ўдачараць дзяцей. Таксама гэтая краіна дагэтуль не ратыфікавала Стамбульскую канвэнцыю, мэта якой — барацьба з гвалтам супраць жанчын і хатнім гвалтам. А галоўны аргумэнт супраць ратыфікацыі — гамафобія, бо стамбульская канвэнцыя кажа пра важнасьць абароны людзей і ў разнаполых, і ў аднаполых шлюбах.
Але нягледзячы на ўсе гэтыя праблемы і на тое, што ў грамадзтве нямала кансэрватараў, прэзыдэнтам усё адно становіцца адкрыты гей. І хвалюе гэта, здаецца, найперш (пра)расейскіх прапагандыстаў. Ні сам Рынкевічс, ні ягоныя прыхільніцы і прыхільнікі ў перадвыбарчы пэрыяд ніяк не акцэнтавалі ўвагу на тэме сэксуальнай арыентацыі. Бо гэта няважна само па сабе.
Праўда, сур’ёзна казаць пра гэтую няважнасьць мы можам толькі цяпер, калі Рынкевічса ўсё ж абралі. Лёгіка тут такая ж, як і з абіраньнем жанчыны на кіраўнічую пасаду: пакуль абіраюць толькі мужчын, усе размовы пра тое, што пол не мае значэньня — гэта прыкрыцьцё для таго, каб захаваць стары парадак. Праўдзівымі яны становяцца тады, калі пол і праўда перастае мець значэньне, і жанчына ў грамадзтве можа дасягнуць таго ж, што і мужчына.
І з мовай дакладна такая ж гісторыя — як часта нам кажуць, што няма розьніцы, на якой мове гаварыць, маючы пры гэтым на ўвазе, што гаварыць трэба менавіта па-расейску! А калі хтосьці зьвяртае ўвагу на гэтую праблему, дык чуе ў адказ, што «зараз не час» і «грамадзтва не гатовае».
Абраньне Рынкевічса прэзыдэнтам — гэта вельмі яскравы сыгнал, што перамены да лепшага не абавязкова мусяць іскі ў закладзеным загадзя парадку, павольненька і роўна крок за крокам. Можна пераскокваць праз прыступкі, можна зьдзіўляць навакольных і саміх сябе, можна нарэшце не прыкрывацца адгаворкамі пра непадрыхтаванасьць грамадзтва. З грамадзтвам не здарыцца нічога кепскага праз тое, што прэзыдэнт закохваецца ў мужчын, а не ў жанчын. Грамадзтву павінна быць на гэта па-сапраўднаму пляваць.
Але цяпер, калі прэзыдэнтам стаў адкрыты гей, магчыма, Сэйм Латвіі яе стане так зацята прасоўваць гамафобныя законы і нарэшце пагадзіцца ратыфікаваць Стамбульскую канвэнцыю? Мо, ягоныя новыя падначаленыя-гамафобы нарэшце ўбачаць, што гомасэксуальны чалавек не зьмяняе сэксуальнасьць навакольных адной сваёй прысутнасьцю, не руйнуе гэтай жа прысутнасьцю чужыя сем’і, не забараняе нараджаць дзяцей і ўвогуле аніякі ён не монстар?
І ўвогуле, супраць Рынкевічса ў Беларусі распачатая палітычна матываваная палітычная справа, бо ў 2021 годзе падчас чэмпіянату сьвету па хакеі ён разам з мэрам Рыгі замяніў чырвона-зялёны сьцяг на бел-чырвона-белы. Бо, як перафразавалі сёньня Лукашэнку, нашмат лепей быць геем, чым дыктатарам.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.