Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афрыканская краіна прыняла закон аб сьмяротным пакараньні для ЛГБТ+ людзей


Прэзыдэнт Уганды Ёвэры Мусэвэні
Прэзыдэнт Уганды Ёвэры Мусэвэні

Улады Ўганды прынялі закон аб пакараньні за аднаполыя адносіны. Ён адзін з самых жорсткіх у сьвеце. За неаднаразовыя гомасэксуальныя акты, а таксама за перадачу ВІЧ-інфэкцыі, прадугледжанае сьмяротнае пакараньне.

За «прапаганду гомасэксуальнасьці» можна атрымаць турэмнае зьняволеньне тэрмінам да 20 гадоў.

Парлямэнт Уганды распрацаваў законапраект у сакавіку. У гэты панядзелак яго падпісаў прэзыдэнт краіны Ёвэры Мусэвэні. Аднаполыя адносіны ва Ўгандзе былі па-за законам і раней, як і яшчэ ў больш чым 30 краінах Афрыкі. Новы закон істотна ўзмацняе жорсткасьць пакараньня.

ЗША — адзін з галоўных гандлёвых партнэраў Уганды — яшчэ ў сакавіку папярэджвалі пра магчымасьць эканамічных санкцыяў, калі закон будзе прыняты. Таксама Ўганда штогод атрымлівае мільярды даляраў эканамічнай дапамогі ад разьвітых краін, якая таксама можа быць зьменшаная.

Праваабаронцы ва Ўгандзе і ў сьвеце выступілі з асуджэньнем закону як дыскрымінацыйнага. Каардынатар Кааліцыі грамадзянскай супольнасьці па правах чалавека ва Ўгандзе Клэр Бяругаба напісала: «Сёньня прэзыдэнт Уганды легалізаваў дзяржаўную гамафобію. Чорны дзень. Мы будзем працягваць змагацца з гэтым узаконеным зьверствам».

Ведамства ААН па правах чалавека заявіла: «Мы ўзрушаныя драконаўскім і дыскрымінацыйным законам. Гэта гатовы рэцэпт для сыстэмных парушэньняў правоў як ЛГБТ, гэтак і шырокіх слаёў насельніцтва. Ён супярэчыць Канстытуцыі і міжнародным пагадненьням і патрабуе неадкладнага юрыдычнага перагляду».

Асаблівую занепакоенасьць праявілі міжнародныя арганізацыі, якія займаюцца аховай здароўя і прафіляктыкай ВІЧ-інфэкцыі. На іх думку, пасьля прыняцьця закону сэксуальная асьвета ў краіне можа быць у значнай меры ўрэзаная, а гомасэксуалы стануць баяцца тэставацца на ВІЧ і пры яго наяўнасьці праходзіць лячэньне, што прывядзе да бескантрольнага распаўсюду інфэкцыі.

Уганда на дадзены момант — адзін зь лідэраў у барацьбе зь ВІЧ-інфэкцыяй. Да 2021 году 89% насельніцтва краіны ведалі свой ВІЧ-статус, больш за 92% ВІЧ-станоўчых атрымлівалі лячэньне, прычым зь іх у 95% вірус быў прыгнечаны, што робіць іх незаразнымі для іншых людзей. Гэтыя посьпехі былі ў значнай меры дасягнутыя дзякуючы дзейнасьці міжнародных фондаў у галіне лячэньня, тэставаньня і сэксуальнай асьветы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG