Першы плэйліст трэкаў ад беларускіх палітзьняволеных «Сяброўства, годнасьць і любоў» зьявіўся на плятформе YouTube. Гэтыя трэкі палітвязьні стварылі, калі яшчэ былі на свабодзе.
На сёньняшні дзень у Беларусі налічваецца больш за 1500 палітвязьняў, сотні зафіксаваных выпадкаў катаваньня і няспынных рэпрэсіяў супраць усіх пластоў грамадзтва, у тым ліку дзеячоў культуры.
У плэйлісьце KlopatBY сабраў музыку, створаную палітзьняволенымі — тымі, хто цяпер за кратамі, і тымі, хто адбыў сваё «пакараньне»:
«Гэтая музыка розная, нязвыклая, кранае душу, нават калі ты ніколі ня слухаў флейту ці панк-рок.
Гэта галасы тых, хто доўгі час не маглі граць гучна і свабодна. Але нам ня ўсё адно, мы чуем іх і зараз! І няхай яны пра гэта даведаюцца», — падкрэсьліваюць стваральнікі плэйліста.
Культура цярпіць ад рэпрэсій
Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году рэпрэсіі моцна закранулі сфэру культуры ў Беларусі. Улады зьліквідавалі шматлікія культурныя ўстановы, шмат прадстаўнікоў творчай сфэры сёньня за кратамі.
Днямі ў публічнай прасторы зьявіўся «стоп-ліст» абсалютна розных выканаўцаў — па стылі, мове песень і краіне паходжаньня, піша BY_culture. У яго трапілі, сярод іншых, Іна Афанасьева, Шэр, «Ляпіс Трубяцкі», гурт «Нэрвы», «Нэўра Дзюбель», «Крамбамбуля», Lady Gaga, Макс Корж, Ларыса Грыбалёва і яшчэ каля 80 выканаўцаў.