Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз прыгразіў жорсткай рэакцыяй у адказ на перадачу расейскай ядзернай зброі Беларусі


Вярхоўны прадстаўнік ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль
Вярхоўны прадстаўнік ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль

Эўразьвяз асудзіў пагадненьне паміж Расеяй і Беларусьсю аб разьмяшчэньні расейскай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі.

«Гэта крок, які прывядзе да далейшай надзвычай небясьпечнай эскаляцыі», — заявіў вярхоўны прадстаўнік ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль.

Паводле яго, гэтае рашэньне супярэчыць абавязацельствам, якія Расея ўзяла на сябе ў рамках Будапэшцкага мэмарандума, згодна зь якім Беларусь вывела са сваёй тэрыторыі ўсю ядзерную зброю, а таксама сумеснай заяве лідэраў пяці ядзерных дзяржаў ад 3 студзеня 2022 году аб тым, што ядзерную вайну нельга выйграць і ніколі нельга весьці. Бурэль заклікаў Маскву выконваць гэтыя абавязацельствы.

Жузэп Бурэль падкрэсьліў, што рэжым Лукашэнкі зьяўляецца «саўдзельнікам незаконнай і несправакаванай агрэсіўнай вайны Расеі супраць Украіны», і заклікаў Менск «неадкладна спыніць падтрымку» ваеннай агрэсіі і «адмяніць рашэньні», якія могуць «толькі садзейнічаць узмацненьню напружанасьці ў рэгіёне і падарваць сувэрэнітэт Беларусі».

«Любая спроба далейшага абвастрэньня сытуацыі будзе сустрэтая жорсткай і скаардынаванай рэакцыяй», — заявіў Бурэль.

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн таксама выказаў нэгатыўнае стаўленьне да плянаў Расеі па разьмяшчэньні ядзернай зброі ў Беларусі, паведамляе прэс-служба Белага дома. 26 траўня, адказваючы на пытаньне аб «рэакцыі на тое, што Расея перамяшчае тактычную ядзерную зброю ў Беларусь», прэзыдэнт адказаў: «Вельмі нэгатыўная мая рэакцыя».

  • 25 траўня ў Маскве Аляксандар Лукашэнка заявіў, што перасоўваньне расейскай ядзернай зброі ў Беларусь ужо пачалося. На ўдакладняльнае пытаньне, ці ядзерная зброя ўжо знаходзіцца ў Беларусі, Лукашэнка адказаў: «Магчыма. Я прыеду — пагляджу».
  • Міністар абароны Віктар Хрэнін і яго расейскі калега Сяргей Шойгу 25 траўня падпісалі дакумэнты, якія вызначаюць «парадак утрыманьня расейскай нестратэгічнай ядзернай зброі ў спэцыяльным сховішчы на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь». Пры гэтым кіраўнік расейскага вайсковага ведамства заявіў, што «кантроль над ім і рашэньне аб ужываньні застаецца за Масквой».
  • Афіцыйны прадстаўнік Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Пэтэр Стана на прэс-канфэрэнцыі 25 траўня заявіў, што ЭЗ будзе «вельмі ўважліва сачыць» за тым, як рэалізуецца дамоўленасьць Менску і Масквы аб разьмяшчэньні ў Беларусі расейскай ядзернай зброі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG