Пра сьмерць Вольгі Завадзкай паведаміла ў Фэйсбуку яе знаёмая Галіна Сіўчык. Вольга Завадзкая памерла 25 траўня ў 11:30 раніцы. Некалькі гадоў таму ў яе дыягнаставалі анкалягічнае захворваньне, таксама яна мела іншыя праблемы са здароўем, апошнія гады была прыкаваная да інваліднага вазка.
Вольга Завадзкая нарадзілася ў красавіку 1947 года ў Кіргізстане, дзе служыў яе бацька. Калі ёй было восем месяцаў, сям'я пераехала ў Менск, расказвала сама Вольга Завадзкая пісьменьніку Аляксандру Тамковічу.
Як на пачатку году паведамляла «Народная воля», ад хіміятэрапіі сёлета яна адмовілася. Раней яна прайшла дзясяткі сэансаў хіміятэрапіі, апраменьваньне.
Яе сын Зьміцер Завадзкі быў асабістым апэратарам Аляксандра Лукашэнкі, потым перайшоў на ОРТ. Працаваў з апазыцыйным журналістам Паўлам Шараметам. 7 ліпеня 2000 году пры нявысьветленых абставінах прапаў у раёне менскага аэрапорту. Тайна гэтага зьнікненьня дагэтуль не раскрытая. Цела Зьмітра Завадзкага, пазьней прызнанага памерлым, так і не знайшлі.
У 2020 годзе Завадзкая дала інтэрвію Свабодзе. «Тысячу разоў казала, што пакуль пры ўладзе гэты рэжым, нічога ня скажуць, усё пакрываюць», — сказала яна ў той размове.