Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канцлер Нямеччыны заклікаў падтрымліваць стасункі «з прадстаўнікамі іншай Беларусі і іншай Расеі»


Сьвятлана Ціханоўская і Оляф Шольц, люты 2023 году
Сьвятлана Ціханоўская і Оляф Шольц, люты 2023 году

На саміце Рады Эўропы кіраўнік нямецкага ўраду Оляф Шольц выказаўся за тое, каб не разбураць масты з прадстаўнікамі «іншай Расеі і іншай Беларусі» — з тымі, хто выступае супраць рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі, паведамляе DW.

Падчас саміту, у якім бяруць удзел больш за 30 кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў з 46 краінаў-удзельніц, Оляф Шольц заявіў, што Ўкраіна будзе мець падтрымку, пакуль ня ўдасца дасягнуць справядлівага міру.

«І да таго часу мы, Рада Эўропы, павінны падтрымліваць масты з прадстаўнікамі іншай Расеі, іншай Беларусі і тым самым захоўваць магчымасьць дэмакратычнай, мірнай будучыні для абедзьвюх краінаў, якой бы малаімавернай яна ні здавалася нам сёньня», — падкрэсьліў Шольц.

У той жа час кіраўнік нямецкага ўраду заклікаў да пасьлядоўнага пакараньня за расейскія ваенныя злачынствы ва Ўкраіне. Садзейнічаць гэтаму, паводле Шольца, павінен створаны ў рамках саміту Рады Эўропы міжнародны рэестар стратаў, панесеных Украінай у выніку вайны.

Паводле Шольца, у нейкі момант вайна Расеі супраць Украіны скончыцца, і «адно можна сказаць напэўна — гэта ня скончыцца перамогай пуцінскага імпэрыялізму».

Саміт лідэраў 46 дзяржаў — чальцоў Рады Эўропы пачаўся 16 траўня ў сталіцы Ісьляндыі Рэйк’явіку. Галоўная мэта сустрэчы — абмеркаваньне сытуацыі, якая склалася на кантынэнце ў выніку расейскай агрэсіі супраць Украіны. У рамках саміту ўжо было абвешчана аб стварэньні рэестру стратаў Украіны ад агрэсіі РФ. Акрамя таго, Вялікая Брытанія і Нідэрлянды дамовіліся стварыць кааліцыю дзеля закупу баявых самалётаў F-16 для Кіева.

На саміт запрасілі і дэмакратычную лідэрку Беларусі Сьвятлану Ціханоўскую. Беларусь не ўваходзіць у гэтую арганізацыю, але кіраўніцтва Рады Эўропы вырашыла зрабіць выключэньне і запрасіць Ціханоўскую як адмысловую госьцю.

14 траўня, падчас візыту прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага ў Нямеччыну, канцлер Шольц заявіў: «Пуцін мяркуе, што Ўкраіна і Беларусь павінны стаць часткамі Расеі. І напад на Ўкраіну — гэта частка імпэрыялістычнай канцэпцыі. Гэта сьвет добра зразумеў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG