«Шрэдэр-Кім неадкладна вызвалена ад пасады, яе працоўныя адносіны з NRW.Global Business будуць спыненыя без папярэдняга паведамленьня», — паведаміла прэс-сакратарка зямельнага міністра эканомікі Паўночнага Рэйна — Вэстфаліі Мона Нойбаўр газэце Kölner Stadt-Anzeiger.
Шрэдэр-Кім займала ў кампаніі пасаду прадстаўніка ў Паўднёвай Карэі. Рашэньне аб звальненьні было прынята 16 траўня, паведамляе «Настоящее время» са спасылкай на DW.
У кампаніі заявілі, што яны «неаднаразова ўказвалі Шрэдэр-Кім, што прадстаўнікі не павінны выказвацца па палітычна адчувальных тэмах, у прыватнасьці, у дачыненьні да захопніцкай вайны Расеі супраць Украіны».
Герхард Шрэдэр быў канцлерам Нямеччыны з 1998 па 2005 год. У 2017 годзе ён узначаліў раду дырэктараў «Роснефти», але ў траўні 2022-га заявіў, што сыходзіць са сваёй пасады. Гэта адбылося пасьля таго, як Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю з заклікам уключыць былога канцлера Нямеччыны ў санкцыйны сьпіс ЭЗ за супрацоўніцтва з расейскімі дзяржаўнымі кампаніямі.
Шрэдэр лічыцца адным з набліжаных да прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна. Пасьля пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ён прыяжджаў у Расею і сустракаўся з Пуціным. Яны абмяркоўвалі вайну ва Ўкраіне і экспарт у Эўропу расейскіх нафты і газу. Нямецкі палітык публічна не асудзіў разьвязаную Расеяй вайну ва Ўкраіне. За гэта яго крытыкавалі ў Нямеччыне.
У траўні мінулага году Бундэстаг пазбавіў Шрэдэра офіса і супрацоўнікаў, пакінуўшы яму пэнсію і ахову. У бюджэтным камітэце тлумачылі, што Шрэдэр не выконвае ніякіх абавязкаў у якасьці былога канцлера, таму няма падстаў для прадастаўленьня яму супрацоўнікаў і офіса.