Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская заявіла, што нічога ня чула пра свайго зьняволенага мужа з 10 сакавіка


Сьвятлана Ціханоўская, красавік 2023
Сьвятлана Ціханоўская, красавік 2023

Сьвятлана Ціханоўская заклікала падтрымаць палітвязьняў і беларусаў у выгнаньні, выступаючы на 5-м форуме «Наша будучыня» (The 5th Our Future Forum) у Варшаве 12 траўня.

«У нас ёсьць мужнасьць, але нам патрэбна ваша салідарнасьць. Падтрымайце тых, хто працягвае змагацца як ва Ўкраіне, так і ў Беларусі. Падтрымайце палітычных зьняволеных і ўсіх тых, хто знаходзіцца ў выгнаньні. Будзьце нашым голасам на міжнароднай арэне. Мы ня можам выйграць гэтую барацьбу ў адзіночку. Ваша салідарнасьць будзе вашым укладам у свабодную і дэмакратычную Эўропу. Гэта будзе ваш уклад у нашую агульную будучыню», — сказала Ціханоўская.

Яна зазначыла, што беларусы «працягваюць супраціўляцца рэжыму, пратэст ідзе ў падпольлі».

«Сотні беларускіх добраахвотнікаў узялі ў рукі зброю, каб абараніць Украіну ад расейскай агрэсіі. Яны разумеюць: лёсы Беларусі і Ўкраіны ўзаемазьвязаны. Без свабоднай Украіны ня будзе свабоднай Беларусі. А без свабоднай Беларусі ня будзе ні бясьпечнай Украіны, ні Эўропы», — дадала Сьвятлана Ціханоўская.

Ціханоўская падкрэсьліла, што «з 2020 году праз турмы прайшлі больш за 60 тысяч чалавек»:

«Праваабаронцы ўжо страцілі лік палітвязьням. Мы ведаем імёны 1,5 тыс., але рэальная колькасьць дасягае 5 тыс. Яны ўтрымліваюцца ў нечалавечых умовах, у поўнай ізаляцыі. Літаральна некалькі дзён таму адзін зь іх, Мікалай Клімовіч, памёр у турме. Ён быў асуджаны за тое, што намаляваў карыкатуру на Лукашэнку. Я нічога ня чула пра свайго мужа з 10 сакавіка».

Ратуючыся ад жорсткіх рэпрэсій, адзначыла палітык, сотні тысяч беларусаў былі вымушаны пакінуць краіну:

«Тут, у Польшчы, дзясяткі тысяч знайшлі бясьпечнае прыстанішча. Нават у выгнаньні яны працягваюць дабівацца перамен у Беларусі. Таму што ўсе мы хочам вярнуцца дадому».

Разам з тым, сказала экс-кандыдатка ў прэзыдэнты, «рэжым Пуціна і Лукашэнка спрабуе разбурыць наш дом», зрабіць Беларусь яшчэ адной расейскай правінцыяй, пакорлівай і падкантрольнай.

Асобна яна спынілася на перасьледзе польскай дыяспары ў Беларусі, згадаўшы гісторыю журналіста Анджэя Пачобута, якому прысудзілі восем гадоў пазбаўленьня волі.

«Нават у турме ён ня страчвае надзеі. І мы не павінны страчваць надзею на лепшую будучыню нават у самы цёмны час. За апошнія тры гады я зразумела, што шлях да свабоды не кароткі і ня лёгкі, але ён адзіна правільны. І ён патрабуе мужнасьці. І салідарнасьці», — сказала Ціханоўская.

Форум «Наша будучыня» — штогадовае імпрэза, на якой польскія школьнікі і студэнты сустракаюцца з палітыкамі, прадстаўнікамі навукі і бізнэсу.

Хто такі Сяргей Ціханоўскі

Муж апазыцыйнай лідэркі Сьвятланы Ціханоўскай Сяргей Ціханоўскі ў 2020 годзе быў папулярным блогерам, стваральнікам праекту «Страна для жизни». Ягоныя сюжэты на youtube-канале мелі сотні тысяч праглядаў. Ён езьдзіў па краіне і выкрываў нядбайства чыноўнікаў, запісваў гутаркі зь людзьмі. У траўні 2020 году Сяргей заявіў пра прэзыдэнцкія амбіцыі. 29 траўня 2020 году яго затрымалі ў выніку правакацыі на пікеце ў Горадні. З таго часу ён у зьняволеньні.

Ціханоўскага абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў, распальваньні варожасьці, перашкодзе працы Цэнтральнай выбарчай камісіі. На судзе 14 сьнежня 2021 году ён атрымаў 18 гадоў зьняволеньня. У чэрвені 2022 году КДБ унёс Ціханоўскага ў сьпіс асоб, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG