Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік МЗС Літвы расказаў аб пэрспэктывах санкцый супраць беларускага калію


Міністар замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс. Архіўнае фота
Міністар замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс. Архіўнае фота

Тэма беларускіх угнаеньняў застаецца складанай для абмеркаваньня сярод краін Эўразьвязу, таму новыя санкцыі ў дачыненьні да іх на гэтым этапе ня будуць уводзіць.

Пра гэта заявіў міністар замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс.
Паводле яго, піша партал навінаў Delfi, паколькі санкцыі прымяняюцца не да канкрэтных груп тавараў, а да кампаній, «спыненьне магчымага абыходу санкцый застанецца складаным працэсам».

«Санкцыі накладзены на канчатковага бэнэфіцыяра, — растлумачыў міністар. — Патрэбен час, каб гэта даказаць, могуць быць судовыя працэсы, але ўстановы маюць магчымасьць паказаць, што гэта проста схема абыходу санкцый».

Калі б ЭЗ вырашыў, што краінам зьвязу нельга ўвозіць ніякія ўгнаеньні, мытні «было б нашмат прасьцей», лічыць міністар. Цяпер жа «неабходна даказаць, што кампанія створана фіктыўна, што бэнэфіцыяр не зьмяніўся».

Пытаньне ўгнаеньняў кіраўнік літоўскага замежнапалітычнага ведамства назваў «адным з самых адчувальных» у перамовах з эўрапейскімі партнэрамі:

«Мы ня толькі ня можам увесьці новыя санкцыі ў пытаньні ўгнаеньняў, дык яшчэ і паўгода на нас ціснуць з мэтай адмены гэтых санкцый».

4 траўня намесьнік міністра замежных спраў гэтай балтыйскай дзяржавы Мантас Адаменас на пасяджэньні Рады замежных спраў ЭЗ у пытаньнях супрацоўніцтва ў мэтах разьвіцьця заявіў, што Літва заклікае зьнізіць залежнасьць краін, якія сталі на шлях разьвіцьця, ад беларускіх і расейскіх угнаеньняў і стымуляваць іх да разьвіцьця альтэрнатыўных вытворчых магутнасьцяў.

«ЭЗ, зьяўляючыся адным з найбуйнейшых пастаўшчыкоў падтрымкі, можа эфэктыўна спалучаць інструмэнты вонкавага дзеяньня і дапамагаць краінам-партнэрам умацоўваць іх харчовае забесьпячэньне», — падкрэсьліў намесьнік міністра.

МЗС Літвы зазначыў, што Расея, «наўмысна зьнішчаючы» запасы збожжа Ўкраіны, блякуючы экспарт сельскагаспадарчай прадукцыі і маніпулюючы энэргарэсурсамі, нясе пагрозу даступнасьці харчоў у сьвеце.

Адначасова Расея распаўсюджвае «дэзынфармацыю аб уплыве санкцый», аказвае вялікі ціск з мэтай іх паслабленьня, «у тым ліку што да транзыту ўгнаеньняў зь Беларусі».

Краіны Балтыі і Польшча працягваюць выступаць супраць паслабленьняў, якіх дабіваюцца некаторыя сябры ЭЗ, заявіў 2 траўня пасол Літвы ў Эўразьвязе Арнольдас Пранцкявічус.

Санкцыі супраць беларускай калійнай галіны ўведзены ў чэрвені 2021 года ў пакеце сэктаральных абмежаваньняў.

10 студзеня старшыня Эўрапейскай камісіі Ўрзуля фон дэр Ляен анансавала новыя санкцыі супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі за падтрымку вайны РФ супраць Украіны. 25 лютага ЭЗ увёў 10-ы пакет санкцый у дачыненьні да Расеі, Беларусь у ім ня згадвалася.

5 сакавіка Польшча прапанавала неадкладна ўвесьці санкцыі супраць Беларусі ў сувязі з прысудам ляўрэату Нобэлеўскай прэміі міру 2022 году, заснавальніку праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесю Бяляцкаму і «іншым апазыцыянэрам». Адпаведная прапанова была перададзена паслам эўрапейскіх краін пры ЭЗ, накіравана ў Эўракамісію і Эўрапейскую раду.

26 сакавіка Вярхоўны камісар ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль заявіў, што Эўразьвяз «гатовы адказаць далейшымі санкцыямі» на разьмяшчэньне расейскай ядзернай зброі ў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG