Генэральны сакратар Эўропы Марыя Бурыч-Пэйчынавіч пракамэнтавала вырак палітзьняволенаму блогеру Раману Пратасевічу у Twitter:
«Гэта пародыя на правасудзьдзе», — напісала яна.
Міністар замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс у камэнтары балтыйскаму інфармагенцтву BNS заявіў, што Вільня «безумоўна асуджае» гэты прысуд.
«Гэта складаная гісторыя, але мы былі пасьлядоўныя ў ацэнцы таго, што ён зьяўляецца ахвярай рэпрэсій, незалежна ад таго, што заяўляў рэжым або што яго (Пратасевіча. — BPN.) прымушалі гаварыць», — падкрэсьліў кіраўнік літоўскай дыпляматыі.
Замежнапалітычнае ведамства Нямеччыны назвала вырак Пратасевічу «яшчэ адным прыкладам бязьлітасных дзеяньняў рэжыму [Аляксандра Лукашэнкі] супраць дэмакратычных сіл і незалежных СМІ».
Бэрлін запатрабаваў вызваленьня ўсіх палітвязьняў у Беларусі.
З асуджэньнем выраку Пратасевічу напярэдадні выступіла беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская.
«Гэты прысуд — яшчэ і праверка для ўсіх нас. Бо каштоўнасьці, на якіх будуецца дэмакратычны рух, такія: ніхто не павінен быць асуджаны з палітычных матываў. Ніхто не павінен праходзіць праз катаваньні. Нічыё жыцьцё не павінна быць прадметам гандлю», — заявіла Ціханоўская.
Трэцяга траўня Менскі абласны суд прысудзіў 27-гадоваму палітвязьню Раману Пратасевічу 8 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Іншых фігурантаў «справы Nexta» судзілі ў рамках «спэцыяльнага вядзеньня». Яна Рудзіка пакаралі 19 гадамі зьняволеньня, Сьцяпана Пуцілу — 20 гадамі (абодва знаходзяцца за мяжой).
Судзьдзя Вячаслаў Тулейка прызнаў Пратасевіча і іншых фігурантаў справы вінаватымі паводле 11 крымінальных артыкулаў.
Рамана Пратасевіча і грамадзянку Расеі Соф'ю Сапегу затрымалі пасьля прымусовай пасадкі ў Менску 23 траўня 2021 году самалёта ірляндзкай авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Атэнаў у Вільню.
6 траўня 2022 году Горадзенскі абласны суд пакараў Сапегу 6 гадамі калёніі агульнага рэжыму. Яе зьбіраюцца адправіць адбываць пакараньне ў Расею.