Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША заявілі аб пагрозе дэфолту, прэзыдэнт Байдэн заклікаў Кангрэс прыняць тэрміновыя захады


Міністарка фінансаў ЗША Джанэт Елен папярэджвае пра тое, што краіне пагражае дэфолт
Міністарка фінансаў ЗША Джанэт Елен папярэджвае пра тое, што краіне пагражае дэфолт

Міністар фінансаў ЗША Джанэт Елен заявіла ў лісьце да Кангрэсу, што яе ведамства наўрад ці зможа выканаць усе плацежныя абавязацельствы ўраду ЗША «патэнцыйна ўжо 1 чэрвеня», калі Кангрэс не распачне тэрміновых дзеяньняў.

Ліст кіраўніцы амэрыканскага Міністэрства фінансаў кажа аб тэрміновасьці сытуацыі. Рызыка беспрэцэдэнтнага дэфолту, які пагражае ўзрушэньнямі сусьветнай эканомікі, надае новую вастрыню палітычным дэбатам у Вашынгтоне, дзе дэмакраты і рэспубліканцы рыхтуюцца да шматмесячнага супрацьстаяньня наконт бюджэту, піша «Голас Амэрыкі».

Пасьля папярэджаньня Елен Джо Байдэн запрасіў лідэраў рэспубліканцаў і дэмакратаў у Сэнаце і Палаце прадстаўнікоў на сустрэчу ў Белы дом на наступным тыдні. Афіцыйны прадстаўнік Белага дому заявіў, што спачатку Байдэн наогул не зьбіраўся сустракацца са сьпікерам Палаты прадстаўнікоў Кевінам Макарці для абмеркаваньня ліміту дзярждоўгу. Але ў існуючых абставінах Байдэн лічыць, што «Кангрэс павінен прыняць захады, каб пазьбегнуць дэфолту, безь якіх-небудзь умоў» да 9 траўня.

26 красавіка Палата прадстаўнікоў пад кіраўніцтвам рэспубліканцаў прыняла законапраект аб павышэньні «столі» дзярждоўгу, але пры гэтым у законапраекце зьмяшчаюцца палажэньні аб рэзкім скарачэньні мэдыцынскага страхаваньня для сацыяльна неабароненых груп насельніцтва, скарачэньне падатковых ільгот для сонечнай энэргіі, і агульнае скарачэньне выдаткаў на 4,5 трыльёна даляраў, або каля 22%, — у абмен на павелічэньне ліміту доўгу ЗША на 1,5 трыльёна даляраў.

У законапраекту няма шанцаў атрымаць ухвалу ў Сэнаце, які кантралюецца дэмакратамі, піша Голас Амэрыкі. Белы дом таксама заявіў, што Байдэн накладзе вэта на гэты закон, калі яго прымуць.

Новая патэнцыйная «дата Х», якая ўлічвае красавіцкія падатковыя выплаты, практычна не зьмянілася ў параўнаньні з папярэдняй ацэнкай, апублікаванай у студзені, згодна зь якой урад ЗША можа сутыкнуцца зь недахопам грашовых сродкаў прыблізна 5 чэрвеня.

Пасьля таго як 19 студзеня быў дасягнуты ліміт запазычаньняў у памеры 31,4 трыльёна даляраў, Елен паведаміла Кангрэсу, што Мінфін будзе падтрымліваць выплаты па даўгах, фэдэральнай дапамозе і ажыцьцяўляць іншыя выдаткі, выкарыстоўваючы надзвычайныя меры па кіраваньні грашовымі сродкамі. Адным з такіх крокаў Мінфіну зьяўляецца прыпыненьне продажу каштоўных папер, якія дзяржаўныя і мясцовыя органы ўлады выкарыстоўваюць для часовага захоўваньня грашовых сродкаў.

У 2011 годзе такая барацьба за столь дзярждоўгу паставіла ЗША на мяжу дэфолту і прывяла да зьніжэньня высокага крэдытнага рэйтынгу краіны. На гэты раз перамовы могуць аказацца яшчэ больш складанымі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG