Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускім лякаматыўным брыгадам пагражаюць звальненьнем за адмову ад рэйсаў у Расею


Пашкоджаны выбухам беларускі цеплавоз, Бранская вобласьць, Расея, 1 траўня 2023
Пашкоджаны выбухам беларускі цеплавоз, Бранская вобласьць, Расея, 1 траўня 2023

Пасьля выбуху на чыгунцы ў Бранскай вобласьці Расеі нельга выключаць, што беларускія машыністы будуць намагацца пазьбягаць паездак у суседнюю краіну, бо з такога рэйсу можна не вярнуцца.

Лякаматыўныя брыгады Беларускай чыгункі могуць адмовіцца выконваць рэйсы ў Расею, аднак за гэта пагражае звальненьне. Пра гэта «Белсату» паведамілі аўтары Telegram-каналу «Супольнасьць чыгуначнікаў Беларусі».

У выніку «партызанскай акцыі» цеплавоз БЧ атрымаў сур’ёзныя пашкоджаньні. У «Супольнасьці чыгуначнікаў Беларусі» мяркуюць, што рамантаваць яго ня будуць праз эканамічную нявыгаднасьць, а разрэжуць на мэталялом. Фота зь месца здарэньня сьведчыць, што лякаматыў гарэў. Паводле афіцыйных зьвестак, машыніст і ягоны памочнік не пацярпелі.

«Пазьбегнуць ахвяраў з боку лякаматыўнай брыгады дэпо Гомель удалося толькі дзякуючы шчасьліваму зьбегу абставінаў», — адзначыў канал у сваім паведамленьні.

Цяпер, калі небясьпека службовых паездак у Расею стала відавочнай, нельга выключаць адмоваў ад рэйсаў у суседнюю краіну. Пры гэтым наўрад ці зьява будзе масавай.

«Страх езьдзіць туды, вядома ж, ёсьць. Аднак ціск кіраўніцтва і страх страціць працу, ды даволі высокія для Беларусі заробкі — гэта можа стаць вызначальным», — адзначаюць аўтары каналу.

Машыністы не выбіраюць, куды ім ехаць: рэйсы прызначае нарадчык. Адмовіцца, натуральна, можна, аднак ня без наступстваў:

«Калі звычайны цягнік — звальненьне празь невыкананьне службовых абавязкаў, а калі вайсковы эшалён, могуць і крымінальную справу завесьці за нібыта здраду дзяржаве».

Пры гэтым за рэйсы за мяжу беларускім чыгуначнікам прэміяў не выпісваюць: «Надбавак няма, тарыф аднолькавы».

Здарэньне ў Бранскай вобласьці адбылося 1 траўня. Паводле зьвестак Расейскай чыгункі, з рэек сышлі 7 вагонаў і цеплавоз, які загарэўся. Гэта быў беларускі цягнік, ён вёз з Гомля нафтапрадукты і будаўнічыя матэрыялы. Расейскае выданьне «Baza» паведаміла, што на месцы было тры выбухоўкі.

2 траўня ў Бранскай вобласьці пусьцілі пад адхон ужо другі цягнік. На перагоне Сьняжэцкая — Белыя Берагі ў выніку выбуху сышлі з рэек лякаматыў і грузавыя вагоны. Пра ахвяры ўлады не паведамляюць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG