28 красавіка адбылося пасяджэньне камісіі. Раней пра такія сустрэчы не паведамлялася.
Паводле інфармацыі Генпракуратуры, па разгляданых зваротах прынятыя рашэньні пра інфармаваньне шэрагу грамадзян аб адсутнасьці адносна іх на дату звароту ў Камісію распачатай адміністрацыйнай справы, пастаноў аб прызнаньні падазроным, прыцягненьні ў якасьці абвінавачанага; правапарушэньні, крымінальнай справе.
1 красавіка генэральны пракурор Андрэй Швед паведаміў аб паступленьні 56 зваротаў, яны рыхтаваліся да разгляду.
- Рашэньне стварыць камісію было прынятае 24 студзеня па выніках нарады ў Аляксандра Лукашэнкі. Адпаведны ўказ быў падпісаны 6 лютага.
- У інтэрвію беларускаму тэлебачаньню генпракурор паведаміў, што беларусы за мяжой, якія хочуць, але баяцца вярнуцца ў краіну, павінны будуць накіраваць на спэцыяльны электронны адрас копію пашпарта, заяву і ліст, дзе сярод іншага павінна быць меркаваньне, чаму ў сілавікоў могуць узьнікнуць прэтэнзіі да іх. Камісія пісьмова адкажа, ці ёсьць у заяўніка падставы для занепакоенасьці.
- 8 лютага Генпракуратура паведаміла аб паступленьні ў камісію першага звароту, аднак ён ня быў аформлены па правілах. Тэлеканал «Белсат» паведаміў, што гэта быў экспэрымэнт, які правяла яго рэдактарка Вольга Ярохіна.
- Некаторых людзей, якія вяртаюцца ў Беларусь, затрымліваюць. 30 сакавіка палітзьняволеную Тацяну Курыліну, якая вярнулася з-за мяжы па «праграме сілавікоў», засудзілі на 4,5 года калёніі.