Кампазыцыю «Ах, Бандеро!» дадалі ў «Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў», даведаліся праваабаронцы. Гэтую песьню ў 2012 годзе запісаў украінскі радыёвядоўца і сьпявак Анцін Мухарскі, сцэнічны псэўданім — Орест Лютий. Ён сьпявае ўкраінскія патрыятычныя песьні, пакладзеныя на музыку вядомых савецкіх кампазытараў.
Таксама сьпіс папоўнілі:
- Telegram-каналы і чаты «Барань», «СИБ чат», «Чат помощи задержанным», «Малая Грушевка — новости», «Беларусь БЧБ Ютуб Youtube»;
- Twitter-старонка «Ігар Вожык Палынскі»;
- Старонка ва «УКантакце» «Илона Бреская (Шушунова)»;
- Старонка ў «Аднаклясьніках» «Naviny — Новости Беларуси»;
- YouTube-канал «СВОИ / ЧУЖИЕ Андрей Стрижак»;
- Мэдыя-праект «Позiрк — Навiны пра Беларусь» з сацсеткамі.
Перасьлед за музыку
Песьня Арэста Лютага ня першая ў сьпісе, які склалі ўлады ў Беларусі. Раней яны прызналі экстрэмісцкімі сацсеткі Instagram, «УКантакце» і YouTube гомельскага гурту «Дзеці хрушчовак», а таксама песьні гэтага гурту «2020», «Таракан», «Папіцот».
Акрамя таго, у сьпісе песьня лідэра берасьцейскага панк-гурту «Дай дарогу!» Юрыя Стыльскага «Экстрэміст» і шэраг іншых кампазыцый.
Вядома пра шэраг затрыманьняў і судоў цягам апошніх гадоў за песьні «Муры», «Перемен» Віктара Цоя, а сьпявачку Мэрыем Герасіменку судзілі за выкананьне песьні ўкраінскага гурту «Океан Ельзи».
Яшчэ раней, да пратэстаў 2020 году ўлады прызналі экстрэмісцкім дыск з канцэртам «Салідарныя зь Беларусьсю». Гэта канцэрт на рынкавай плошчы Новага Места ў Варшаве 12 сакавіка 2006 году. Там сьпявалі беларускія і польскія музыкі; беларусы выконвалі польскія гіты 1980-х у перакладзе на беларускую.