Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інстытут вывучэньня вайны: украінскія войскі замацаваліся на ўсходнім баку Дняпра ля Херсона


Украінскі вайсковец з стрэльбай для барацьбы зь бесьпілётнікамі ў акопе на лініі фронту. 10 красавіка 2023. Ілюстрацыйнае фота
Украінскі вайсковец з стрэльбай для барацьбы зь бесьпілётнікамі ў акопе на лініі фронту. 10 красавіка 2023. Ілюстрацыйнае фота

Спэцыялісты выказваюць думку аб магчымым блізкім пачатку ўкраінскага контранаступу.

Інстытут вывучэньня вайны (ISW), які базуецца ў Вашынгтоне, паведаміў увечары у 22 красавіка, што ўкраінскія войскі пасьпяхова замацаваліся на ўсходнім баку Дняпра. На наступны дзень у ISW адзначылі, што гэты факт можа разглядацца як прыкмета надыходзячага ўкраінскага контранаступу.

Аналітыкі лічаць, што калі Ўкраіна пачне контранаступ, то галоўнай яго мэтай будзе прарыў сухапутнага калідора паміж Расеяй і Крымскім паўвостравам.

У адказ на паведамленьні ўкраінскіх СМІ аб тым, што фармаваньне вышэй паказаных пазыцый сьведчыць аб пачатку контранаступу, Натальля Гумянюк, прэс-сакратарка апэратыўнага камандаваньня «Поўдзень» Украіны, патлумачыла, што падрабязнасьці вайсковых апэрацый у дэльце Дняпра ня могуць быць раскрытыя зь меркаваньняў апэратыўнай бясьпекі.

Чакаецца, што ўвесну Расея таксама пачне больш інтэнсіўныя напады, аднак ISW адзначае, што вышэйшае расейскае вайсковае кіраўніцтва, хутчэй за ўсё, больш зацікаўлена ў замацаваньні ўжо дасягнутых посьпехаў ва Ўкраіне, а ня ў новых апэрацыях, бо Масква адчувае цяжкасьці з матэрыяльнымі і людзкімі рэсурсамі.

Тым часам мясцовыя ўлады на ўсходзе Ўкраіны паведамілі, што падчас нанесеных ноччу ўдараў расейскія войскі выпусьцілі сама меней пяць ракет С-300 па Харкаве і Харкаўскай вобласьці.

Па словах губэрнатара Харкаўскай вобласьці Алега Сінягубава, ракеты пашкодзілі прамысловы аб'ект і прыватныя дамы, але чалавечых ахвяр не было.

У Херсоне загінуў адзін мірны жыхар і двое былі паранены пасьля таго, як расейскія войскі нанесьлі агулам 54 удары. Пра гэта ў нядзелю паведаміў у Telegram кіраўнік Хэрсонскай вайсковай адміністрацыі Аляксандар Пракудзін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG