З моманту аварыі на Чарнобыльскай АЭС, ад якой моцна пацярпела Беларусь, прайшло 37 год. 26 красавіка 2023 году, у дзень гадавіны катастрофы, дзяржаўныя СМІ Беларусі прысьвяцілі нямала ўвагі выездам Лукашэнкі ў чарнобыльскія рэгіёны і сустрэчам з жыхарамі гэтых мясцовасьцяў, якія адбыліся ў мінулыя гады.
Аднак пра ягоную сёньняшнюю актыўнасьць нічога не паведамілі. Інфармацыі аб прыезьдзе Лукашэнкі ў чарнобыльскую зону сёлета няма. На сайце Лукашэнкі апошняй стаіць навіна пра ягонае віншаваньне прэзыдэнту Ізраілю з нагоды 75-годзьдзя незалежнасьці.
Як піша БЕЛТА, прадстаўнікі органаў улады 26 красавіка 2023 году ўсклалі кветкі да памятнага знаку «Ахвярам Чарнобылю» ў Менску. Лукашэнкі сярод іх не было.
Летась Аляксандар Лукашэнка таксама ня езьдзіў у традыцыйны тур па пацярпелых ад Чарнобылю рэгіёнах. Назіральнікі гэта зьвязвалі з пачаткам вайны Расеі з Украінай, у тым ліку зь беларускай тэрыторыі. Памежныя раёны тады былі замінаваныя.