Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску судзяць стрыечнага брата намесьніка камандзіра палку імя Каліноўскага: пракурор просіць тры гады калёніі


Шаўрон добраахвотніка палку імя Каліноўскага. Ілюстрацыйнае фота
Шаўрон добраахвотніка палку імя Каліноўскага. Ілюстрацыйнае фота

У Сяргея Франчука — трэцяя група інваліднасьці, яму патрэбен пастаянны кантроль лекараў.

У Менскім гарадзкім судзе 26 красавіка разглядалася крымінальная справа палітзьняволенага Сяргея Франчука, якога абвінавачваюць у абразе Лукашэнкі (ч.1 арт. 368 КК), абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369), распальваньні сацыяльнай варожасьці (ч. 1 арт. 130 КК), а таксама ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо ўдзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 КК).

Справу разглядае судзьдзя Яўген Пісарэвіч, дзяржабвінаваўца — Раманенка. Ён ужо запрасіў у суду 3 гады калёніі для Франчука, піша «Вясна».

Сяргей Франчук — стрыечны брат намесьніка камандзіра палку Кастуся Каліноўскага Вадзіма Кабанчука. Вядома, што яго забралі з кватэры бацькоў у Бабруйску, дзе ён жыў апошнім часам — 5 чалавек зь менскага АМАПу ўварваліся ў кватэру, ударылі яго пісталетам па галаве, правялі вобшук, забралі мабільны тэлефон, ноўтбук і самога Франчука.

На судзе Франчука пабываў хрысьціянскі актывіст Сяргей Мельянец, які ў Фэйсбуку расказаў, як праходзіла паседжаньне:

«Міліцыі — пяць штук. Пракурор і сакратар — маладзенькія, адвакат і судзьдзя гадоў 35 у акулярах. Камэр відэаназіраньня на столі сем штук. У клетцы сядзіць хлопец гадоў трыццаці. Чарнавалосы. Худы. Сутулаваты».

Падчас суду былі прадстаўленыя «доказы»:

«Пракурорка дастала нейкія пакеты. У адным — флэшка, у другім — тэлефон, у трэцім кампутар, зь якога зьдзяйсьнялася злачынства — некалькі камэнтароў зь нецэнзурнай ацэнкай некаторых таварышаў з кіраўніцтва краіны. Гэтак жа дастала скрутак зь сінімі джынсамі і майкай — у гэтым адзеньні Сяргей выходзіў на несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы», — піша Мельянец.

Як паведамляе Мельянец, усяго паседжаньне доўжылася хвілін сорак:

«Потым пракурор зачытала абвінавачаньне хвілін на пятнаццаць. І транспарту перашкаджаў, і камэнтары пісаў, у мерапрыемствах, не бласлаўлёных уладай, удзельнічаў».

Адвакат папрасіў пакараньня без пазбаўленьня волі:

«Адвакат агучыў, што ў Сяргея трэцяя група інваліднасьці. Рабілі апэрацыю на мозгу, і патрэбен пастаянны кантроль лекараў. Улічваючы „чыстасардэчнае прызнаньне і раскаяньне“ — папрасіў пакараньня без пазбаўленьня волі».

27 красавіка ў 10.00 Сяргею Франчуку маюць абвясьціць вырак.

За што судзяць сваякоў «каліноўцаў»

Праваабаронцам «Вясны» стала вядома пра ціск на сваякоў намесьніка камандзіра палку Каліноўскага Вадзіма Кабанчука з боку беларускіх сілавікоў.

Першай ахвярай ціску стаў 32-гадовы стрыечны брат Вадзіма Сяргей Франчук. Як паведаміла «Вясьне» маці Вадзіма Таісія Кабанчук, яго забралі з кватэры бацькоў у Бабруйску, дзе ён жыў апошнім часам. 9 жніўня, калі бацькі Сяргея былі на лецішчы, 5 чалавек зь менскага АМАПу ўварваліся ў кватэру, ударылі Сяргея Франчука пісталетам па галаве, правялі ператрус, забралі мабільны тэлефон, ноўтбук і самога Сяргея.

Яму выставілі абвінавачаньне паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх»).

Сілавікі запісалі «пакаяльнае» відэа зь Сяргеем Франчуком, дзе ён кажа, што ўдзельнічаў у акцыях пратэсту 2020 году і пісаў камэнтары ў «экстрэмісцкіх» тэлеграм-чатах. На відэа відаць, што лоб у Сяргея заклеены.

Таксама на допыт у КДБ выклікалі стрыечную сястру Вадзіма Кабанчука з мужам. У іх таксама распытвалі, што яны ведаюць пра Вадзіма.

Многія беларусы з пачатку вайны сталі на абарону Ўкраіны, сфармаваліся полк Каліноўскага і полк «Пагоня», таксама беларусы ваююць у шэрагах УСУ. Па падліках штабу Ціханоўскай, на баку Ўкраіны ваююць каля 1500 беларусаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG