Як паведамляе Reuters, выступаючы перад журналістамі ў Жэнэве празь відэасувязь з Судану, прадстаўнік САЗ у гэтай краіне Німа Саід Абід паведаміў, што тэхнічныя спэцыялісты не змаглі атрымаць доступ у Нацыянальную лябараторыю грамадзкай аховы здароўя, каб забясьпечыць захаванасьць матэрыялаў.
«Гэта галоўная праблема: адсутнасьць доступу для лябарантаў, каб прайсьці ў лябараторыю і гарантаваць бясьпеку наяўных там біялягічных матэрыялаў і рэчываў», — сказаў ён, адмовіўшыся ўдакладніць, які бок захапіў аб’ект.
Баі паміж узброенымі сіламі Судану і фармаваньнямі «Сіл хуткай падтрымкі» пачаліся 15 красавіка, у выніку іх, па апошніх дадзеных САЗ, загінулі сама меней 459 чалавек і 4072 атрымалі раненьні. Абід сказаў, што гэта заніжаныя дадзеныя.
Сутыкненьні паралізавалі працу бальніц і іншых асноўных службаў, у многіх людзей заканчваюцца запасы ежы і вады. САЗ паведаміла пра 14 нападаў на мэдычныя ўстановы з пачатку сутыкненьняў і пераводзіць сваіх супрацоўнікаў у бясьпечныя месцы.
Абід сказаў, што яго перавезьлі з Хартума ў Порт-Судан у панядзелак у складзе вялікага канвою, які 30 гадзін ехаў па пустыні.
Гуманітарнае ўпраўленьне ААН было вымушана скараціць некаторыя віды сваёй дзейнасьці ў некаторых раёнах Судану з прычыны інтэнсіўных баявых дзеяньняў.
З пачатку баявых дзеяньняў загінулі сама меней пяць супрацоўнікаў гуманітарных арганізацый. Два агенцтвы ААН, якія страцілі пэрсанал, — Міжнародная арганізацыя па міграцыі і Сусьветная харчовая праграма — прыпынілі сваю дзейнасьць.