Міліцыя ў Наваполацку пачала складаць пратаколы за віншаваньні з Пагоняй у 2019 і 2020 гадах. Жыхара Наваполацка асудзілі на 13 сутак за віншаваньне з Днём волі ў Фэйсбуку трох- і чатырохгадовай даўніны, інфармуе праваабарончы сайт «Віцебская Вясна».
Праваабаронцы пішуць, што паводле судовай пастановы, апублікаванай у агульнарэспубліканскай базе дадзеных, грамадзянін І. 25 сакавіка 2019 году «зьмясьціў пост з фотавыявай гербу «Пагоня» і подпісам: «Сябры, віншую з Днём волі!» У 2020 годзе віншаваньне выглядала як «фотавыява герба «Пагоня» на фоне бел-чырвона-белай сымболікі і подпісам: «Са сьвятам, сябры! З Днём волі!» Суд кваліфікаваў гэта як несанкцыянаванае пікетаваньне.
У 2019 годзе віншаваньне прагледзелі 19 чалавек, у 2020 годзе — 32 чалавекі. Апрача гэтага, у атрыбуты «несанкцыянаванага пікетаваньня» суд залічыў фотаздымак «з прымацаванай выявай БЧБ-сымболікі», які ўбачылі 56 карыстальнікаў, і фотаздымак, «да якога прымацаваная выява сьцяга Ўкраіны», які ўбачылі 103 карыстальнікі.
Праваабаронцы нагадваюць, што публічнае віншаваньне з гістарычным сьвятам не ўтрымлівае намераў аўтара або заклікаў да нейкіх дзеяньняў. Але суд вырашыў, што ва ўсіх выпадках мела месца «выражэньне грамадзка-палітычных, асабістых і іншых інтарэсаў», выказаных у публічнай прасторы.
Выява «Пагоні» ў Беларусі дагэтуль не зьяўляецца забароненым сымбалем, яна ёсьць, напрыклад, на афіцыйным гербе і сьцягу Віцебскай вобласьці, да якой адносіцца Наваполацк, і на гарадзкім гербе Лепеля.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.