Як гаворыцца ў паведамленьні, 18 красавіка расейскія дзяржаўныя СМІ аб’явілі аб скасаваньні сёлета маршаў памяці «Несьмяротнага палку» нібыта «з матываў бясьпекі».
«Папраўдзе ўлада, хутчэй за ўсё, была занепакоеная тым, што ўдзельнікі падкрэсьляць маштабы нядаўніх стратаў Расеі», — гаворыцца ў паведамленьні.
Брытанская выведка адзначае, што адбылося гэта пасьля таго, як заснавальнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын публічна паставіў пад пытаньне, ці сапраўды ва Ўкраіне ёсьць нацысты, што ідзе ўразрэз з апраўданьнем вайны Расеяй.
Тым часам расейскія ўлады працягваюць спробы абʼяднаць расейскую грамадзкасьць вакол палярызацыйных мітаў аб 1940-х гадах. У прыватнасьці, 12 красавіка інфармацыйнае агенцтва «РИА Новости» апублікавала «ўнікальныя» дакумэнты з архіваў ФСБ, якія сьведчаць аб нібыта датычнасьці нацыстаў да забойства 22 тысяч польскіх грамадзян падчас Катынскага расстрэлу ў 1940 годзе.
«Насамрэч адказнасьць за гэта нясе НКВД, папярэдніца ФСБ. Дзяржаўная дума Расеі афіцыйна асудзіла Ёсіфа Сталіна за загад аб забойствах у 2010 годзе», — адзначаюць у Міністэрстве абароны Брытаніі.
- Акцыя «Несьмяротны полк» пачалася ў Расеі ў 2012 годзе як грамадзкая ініцыятыва — прайсьці шэсьцем з партрэтам свайго рэальнага сваяка, які загінуў або прынамсі ўдзельнічаў у Другой сусьветнай вайне. Крэмль узяў гэтую ідэю для прапагандысцкай акцыі, якую праводзяць па ўсёй Расеі, а таксама пракрамлёўскія актывісты за яе межамі — часам пад іншымі назвамі. Акцыі «Несьмяротны полк» праходзілі і ў Беларусі.
- Пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну стваральнікі «Несьмяротнага палку», якія выступілі супраць вайны, папрасілі ня зьвязваць іх з будучымі шэсьцямі з прычыны зьмены пачатковага зьместу акцыі.