Пазоў падало галоўнае упраўленьне юстыцыі Горадзенскага аблвыканкаму.
Абʼяднаньне «Гімціне» стварылі ў 1993 годзе на базе літоўскамоўнай школы ў вёсцы Пеляса Воранаўскага раёну Горадзенскай вобласьці.
У верасьні 2022 году ўлады нібыта з прычыны невыкананьня правілаў пажарнай бясьпекі закрылі Пяляскую школу, якая працавала з 1992 году. Дзяцей перавялі ў іншыя ўстановы адукацыі.
Гэта была першая нацыянальная літоўская школа ў Беларусі, яе заснавальнікамі выступілі Фонд культуры і Міністэрства асьветы і навукі Літвы (цяпер Міністэрства адукацыі, навукі і спорту). Адукацыйны працэс ажыцьцяўляўся па вучэбных плянах і праграмах Міністэрства адукацыі Беларусі.
Літва заклікала Беларусь не парушаць узятыя ў рамках Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЕ) абавязаньні, зьвязаныя з гарантыяй навучаньня на мовах нацыянальных меншасьцяў. Але беларускія ўлады не прыслухаліся да закліку.
Летась беларусы склалі пэтыцыю, у якой патрабавалі вярнуць навучаньне на польскай і літоўскай мовах у школах, якія раней існавалі як польскамоўныя і літоўскамоўныя.
Аўтары дакумэнту патрабавалі разгляду зьменаў у закон і тлумачэньня, як дыскрымінацыйныя нормы апынуліся ў Кодэксе.
Начальнік Галоўнага ўпраўленьня агульнай сярэдняй, дашкольнай і спэцыяльнай адукацыі Марыя Кіндзірэнка падпісала адказ на пэтыцыю ад Міністэрства адукацыі. У ім чыноўніца фактычна проста працытавала новыя нормы закону.