Адзін з судоў украінскага гораду Чаркасы ўхваліў рашэньне аб абвяшчэньні ў міжнародны вышук грамадзяніна Ўкраіны, якога падазраюць ва ўчыненьні трох заказных забойстваў у абласным цэнтры.
Згодна з матэрыяламі справамі, ураджэнец гораду Чаркасы выехаў у Беларусь за дзесяць дзён да пачатку расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну.
Сьледчыя мяркуюць, што грамадзянін Украіны на заказ застрэліў трох чалавек — у 1996, 1997 і 2001 гадах. У двух апошніх выпадках гэта былі мясцовыя бізнэсоўцы — кіраўнік страхавой кампаніі «Союз фінансових гарантій» і дырэктар прыватнага прадпрыемства «Берта», якое займалася распрацоўкай пяшчанага кар’еру ў Чаркаскім раёне. Ва ўсіх выпадках ён выкарыстоўваў пісталеты зь бясшумнай прыладай, а пасьля выкананьня забойства пазбаўляўся ад гэтай зброі.
У 2007 годзе падазраванага затрымалі пры спробе набыць наркотыкі, а ў 2013-м яго асудзілі на пажыцьцёвае пазбаўленьне волі, аднак апэляцыйны суд скасаваў вырак і накіраваў справу на паўторны судовы разгляд.
У матэрыялах справы адзначаецца, што падазраваны вылецеў на самалёце ў Беларусь зь кіеўскага аэрапорта, але цяпер ягонае месцазнаходжаньне невядома.