Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 11 красавіка: Наваполацкі суд арыштаваў фатографа Ігара Супранёнка яшчэ на 15 сутак


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Яшчэ на 15 сутак аштрафаваны наваполацкі фатограф Ігар Супранёнак, паведаміла BPN крыніца, якая пажадала застацца неназванай. Рашэньне прыняў 11 красавіка гарадзкі суд Наваполацку.  

Ігара Супранёнка затрымалі 29 сакавіка каля яго дому і арыштавалі на 15 сутак па арт. 19.11 КаАП (распаўсюджваньне, выраб, захоўваньне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці або якая прапагандуе такую дзейнасьць).

8 красавіка пасьля 10-суткавага арышту па тым жа артыкуле ня вызвалілі супрацоўніка Полацкага гісторыка-культурнага запаведніка кандыдата філязофскіх навук Ігара Бортніка. 10 красавіка суд Наваполацку арыштаваў яго яшчэ на 13 сутак на падставе пратаколу, складзенага паводле ч. 1 арт. 24.23 КаАП (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў).

Разам з Бортнікам і Супранёнкам 29 і 30 сакавіка было затрымана больш за 10 жыхароў Полацку і Наваполацку, сярод якіх былая дырэктарка ўстановы, загадчыца навукова-экспазыцыйнага аддзелу Тамара Джумантаева і фатограф Кірыл Смалякоў. Іх арыштавалі на 15 сутак.

Таксама былі затрыманыя іншыя супрацоўнікі запаведніка, у прыватнасьці, Аксана Шафран, Аксана Козел, Вольга Філімонава, Вікторыя Бабко, Надзея Язьмер і Алена Ходзікава. Частку затрыманых вызвалілі, забраўшы тэхніку і прызначыўшы даты судоў. Паводле папярэдняй інфармацыі, грамадзян абвінавачваюць у «распаўсюджваньні экстрэмісцкіх матэрыялаў», камэнтарах і лайках у сацсетках і мэсэнджарах.

Ігар Супранёнак — вядомы беларускі фатограф, журналіст, прадстаўнік фатаграфічнай дынастыі. Ён, як і ягоны бацька, доўгі час працаваў фотакарэспандэнтам наваполацкай гарадзкой газэты «Хімік», дакумэнтуе жыцьцё Полацку і Наваполацку. Яго фатаграфіі публікаваліся ў шэрагу выданьняў, прысьвечаных Полацку і Наваполацку, як у Беларусі, так і за мяжой.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG