Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Судане ваенізаваная групоўка «Сілы хуткай падтрымкі» заявіла пра захоп прэзыдэнцкага палацу і аэрапорту


Кіраўнік «Сіл хуткай падтрымкі» Мухамед Хамдан Дагала
Кіраўнік «Сіл хуткай падтрымкі» Мухамед Хамдан Дагала

У сталіцы Судана Хартуме 15 красавіка адбываюцца сутыкненьні паміж войскам краіны і ваенізаванай групоўкай «Сілы хуткай падтрымкі».

Апошняя заявіла пра захоп прэзыдэнцкага палаца, рэзыдэнцыі кіраўніка ўзброеных сіл і міжнароднага аэрапорту Хартума, паведамляе агенцтва Reuters. Паводле выданьня, у Хартуме і прыгарадах чуваць стрэлы.

«Сілы хуткай падтрымкі» абʼявілі, што вайскоўцы акружылі адну зь іх базаў і адкрылі агонь зь цяжкіх узбраеньняў. Яны назвалі тое, што здарылася «грубым нападам», які «павінен быць асуджаны». Арганізацыя сьцьвярджае, што заняла таксама гарады Эль-Абэйд на захадзе і Мероэ на поўначы краіны.

Войска Судану заяўляе, што яго атакавалі «Сілы хуткай падтрымкі» ў некалькіх рэгіёнах краіны. Арганізацыя абвінавачвае ў тым жа войска.

У пачатку тыдня «Сілы хуткай падтрымкі» аб’явілі мабілізацыю, вайскоўцы назвалі гэтыя дзеяньні незаконнымі.

  • «Сілы хуткай падтрымкі» ў 2019 годзе падтрымалі ваенны пераварот, у выніку якога быў адхілены ад улады аўтарытарны прэзыдэнт Судана Амар аль-Башыр. У 2021 годзе арганізацыя, у якой каля 100 тысяч чалавек, падтрымала другі ваенны пераварот, які адклаў перадачу ўлады цывільнай адміністрацыі.
  • Кіраўнік арганізацыі Мухамед Хамдан Дагала (Хамідці) займае пасаду намесьніка старшыні Сувэрэннай рады, якая кіруе краінай. Ён заяўляў, што шкадуе аб перавароце 2021 году, і выступіў за пераход улады да цывільнай адміністрацыі.
  • Войска і цывільныя чыноўнікі ў сваю чаргу патрабуюць, каб «Сілы хуткай падтрымкі» ўключылі ў склад узброеных сіл. Перамовы аб гэтым павінны былі скончыцца да 1 красавіка, аднак заплянаванае падпісаньне пагадненьня перанесьлі на нявызначаны тэрмін.
  • У 2022 годзе Дагала наведваў Маскву і выказваўся ў падтрымку будаўніцтва расейскай вайсковай базы на Чырвоным моры, якое было ўзгоднена Амарам аль-Башырам незадоўга да перавароту 2019 году.
  • У Судане дзейнічае расейская групоўка ПВК «Вагнэр». Яна навучала мясцовых вайскоўцаў. Супрацоўніку зьвязанай зь ёй кампаніі па здабычы золата на гэтым тыдні прадʼявілі абвінавачаньне ў кантрабандзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG