У Беластоку, Гданьску і Варшаве зь вялікім посьпехам адбыліся прэзэнтацыі новай кнігі Ўладзімера Арлова «Айчына. Ад Агінскага да Багушэвіча». Гэта другая частка выдадзенай сем гадоў таму кнігі «Айчына. Ад Рагнеды да Касьцюшкі». Яна пабачыла сьвет у Польшчы дзякуючы фонду Kamunikat.org.
Gloria victis!
Чытаць гэтую кнігу — як ісьці сакавіцкімі гразкімі дарогамі. Падарожнікаў то лашчаць цёплыя промні вясновага сьвятла, то хвошча жорсткі шрот зімовай завірухі. Вось вымалеваны зь мілатою «палацык стары ў атачэньні лістоўніц» на ўзьлеску, а далей на пляцы сталічным гайдаюцца целы павешаных чужынцамі гаспадароў. Тут — захопленае апісаньне прыгажосьці жанок і дачок паўстанцкіх камандзіраў, а праз пару старонак — сьціслы аповед пра жорсткую расправу захопнікаў над імі.
Суровае, змагарнае, гераічнае праз усю кнігу ідзе побач з рамантычным, закаханым, ганараваным.
ХІХ стагодзьдзе айчыннай гісторыі ў асобах, чынах, творах. Стагодзьдзе, якое застанецца пад воклічам “Gloria victis!”.
Gloria victis! Слава пераможаным! Упершыню яго так назвала Эліза Ажэшка. Цыкль яе навэлаў адразу ўспамінаецца, калі чытаеш «Айчыну» Ўладзімера Арлова. Толькі знакамітая аўтарка пісала пра тое, чаму была непасрэднай сьведкай і ўдзельніцай, — паўстаньне 1863-64 гадоў. Кніга ж Арлова ўваскрашае ўвесь вызвольны пазамінулы век.
Чаму каліновец Міхал Андрыёлі адмовіўся ілюстраваць «Трох мушкетэраў»
«Кніга адрасавана кожнай беларускай сям’і», — сказана ў анатацыі да «Айчыны». І аўтар пастараўся, каб выкладзеныя ў ёй важныя гістарычныя моманты былі прывабныя рознаўзроставай чытацкай аўдыторыі. Адсюль кароткі эсэістычны жанр выкладаньня зьвестак пра падзеі і іх удзельнікаў. Адсюль і насычэньне тэкстаў нечаканымі ці малавядомымі цікавінкамі.
Да прыкладу, такімі.
Італьянец Андрыёлі трапіў у Вільню за часамі напалеонаўскай кампаніі 1812-га ды так і застаўся тут, заслужыўшы славу жывапісца, разьбяра і дойліда. Народжаны ў колішняй сталіцы Вялікага Княства Літоўскага ягоны сын Міхал ня проста ўсьвядоміў сябе ліцьвінам, а змагаўся за свабоду ВКЛ у шэрагах паўстанцаў-каліноўцаў. За што быў пакараны высылкамі ўглыб Расеі ды перасьледам царскімі жандарамі. Ды ўсё ж пасьля нягодаў здолеў сьцьвердзіць сябе як слынны на ўсю Эўропу мастак. Меў столькі заказаў ад парыскіх выдаўцоў, што мусіў адмовіцца нават ад прапановы ілюстраваць «Трох мушкетэраў». Замест рамана Дзюма ён выбраў «Апошняга з магіканаў» Фэнімора Купэра. Любімая кніга мільёнаў падлеткаў ва ўсім сьвеце з ілюстрацыямі Міхала Андрыёлі выдавалася і ў СССР. Магчыма, у некага з вас яна яшчэ стаіць дома на кніжнай паліцы, а гаспадар і не здагадваецца, што ілюстраваў яе славуты мастак-паўстанец.
Такіх цікавінак пра асобы і лёс змагароў за свабоду роднай зямлі чытач знойдзе ў «Айчыне» ледзь не на кожнай старонцы. І ня толькі пра барацьбу з чужынскай навалай, але і пра штодзённае жыцьцё з адметнай шляхецкай побытавай культурай. Зьнішчанай захопнікамі ў цэлым краі, але вартай аднаўленьня ў кожнай сёньняшняй сям’і, якая вызнае сябе спадкаемніцай звычаяў жыхароў былога ВКЛ.
Літва-Беларусь
Краіну, якой яшчэ не было на палітычнай мапе Эўропы, але якая жыла ў сэрцах змагароў за яе, аўтар «Айчыны» называе Літва-Беларусь. Нязвыклая назва, на якую зрок чытача штораз натыкаецца, патлумачаная ў прадмове гістарычным пэрыядам, пра які апавядаецца ў кнізе:
«Тады нашыя землі, што здаўна называліся Літвой, пачалі ўсё часьцей менавацца Беларусьсю, а колішнія ліцьвіны — беларусамі. У гісторыі нямала прыкладаў, калі назвы краін і народаў з розных прычын мяняліся. Нямеччына некалі называлася Прусіяй, а немцы — прусакамі. Італійцы даўней былі рымлянамі, жыхарамі Рымскай імпэрыі. Ангельцы былі брытамі, англасаксамі. Усходніх суседзяў беларусаў, жыхароў Масковіі, звалі маскавітамі, а цяпер іхная дзяржава Расея, а яны расейцы... Таму ў нашым тэксьце мы часта карысталіся тэрмінамі «Літва-Беларусь» і «ліцьвіны-беларусы».
Дачка і падчарка
Першая частка «Айчыны», у якой ахоплены падзеі беларускай гісторыі ад Рагнеды да Касьцюшкі, выйшла ў 2016-м. Шыкоўна аздобленая мастаком Паўлам Татарнікавым, яна займела вялікі посьпех у чытачоў, таму наклад яе паўтараўся яшчэ двойчы. Тады ж аўтар, мастак і выдаўцы вырашылі, што ў кнігі мусіць быць працяг. У 2020-м была напісана другая частка, якая ахоплівае падзеі ад Агінскага да Багушэвіча. Рукапіс чакаў свайго чытача тры гады, аднак зь вядомых прычынаў яго выданьне ў Беларусі стала немагчымым. Другая частка «Айчыны» пабачыла сьвет у Польшчы дзякуючы фонду kamunikat.org.
Зь незалежных ад аўтара прычынаў стала немагчымым выдаць кнігу з ілюстрацыямі. І, відаць, тыя з чытачоў, хто мае першую частку «Айчыны», сустрэлі новую кнігу з пэўным расчараваньнем. Яно і зразумела. Бо калі іх абедзьве пакласьці побач, то ўспрымаюцца яны як пышна ўбраная ў багатыя строі любімая дачка і сьціпла апранутая падчарка. Што праўда, і аўтар, і выдаўцы маюць спадзеў перавыдаць другую кнігу ў такой аздобе, якой чытачы пабачылі і займелі першую. Ды яшчэ і абяцаюць стварыць трэцюю частку «Айчыны».
Калі расквеціцца Айчына?
Тое будучае трохкніжжа «Айчыны», пэўна, магчымае толькі ўжо ў свабоднай Беларусі. Яго стваральнікі вераць, што і кніжная, і рэальная Айчына ў хуткай будучыні расквеціцца шматколернаю яснаю явай. А пакуль маем тое, што маем: чорная графіка літар на белым тле старонак. Як праталіны на сакавіцкім сьнезе. Як чорныя восеньскія хмары на ясным веснавым небе. Як настрой выгнанцаў з Айчыны, якая штоначы прыходзіць у іхныя чорна-белыя сны.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.