Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карпянкоў: Ва ўнутраных войсках ствараюць добраахвотніцкія падразьдзяленьні колькасьцю каля 1000 чалавек


Мікалай Карпянкоў
Мікалай Карпянкоў

Намесьнік міністра ўнутраных спраў Мікалай Карпянкоў у эфіры дзяржаўнага тэлеканалу СТВ зьвязаў неабходнасьць узмацненьня ўнутраных войскаў з вайной ва Ўкраіне.

«Мы стварылі шэраг падразьдзяленьняў з добраахвотнікаў. „Гонар“ — 150 чалавек, „Сьмерч“ — 450. Заўсёды гатовыя сабрацца і выканаць баявую задачу разам з падразьдзяленьнямі, якія дзейнічаюць на гэты момант. Мы стварылі спэцпадразьдзяленьне „Рысь“, магутнае, моцнае, каля 300 чалавек», — сказаў Карпянкоў у эфіры СТВ.

Па яго словах, ужо прызначаны камандны склад, які адбірае афіцэраў. Канчаткова падразьдзяленьні хочуць сфармаваць летам 2023 году.

Карпянкоў адзначыў важнасьць работы ўнутраных войскаў на мяжы, пры ахове чыгункі, суправаджэньні эшалёнаў з расейскімі войскамі. Ён падкрэсьліў, што менавіта ўнутраныя войскі займаюцца канваяваньнем і аховай зьняволеных, у тым ліку затрыманых з палітычных матываў.

У канцы 2022 году ў вайсковай часьці 5529 стварылі атрад спэцыяльнага прызначэньня «Рысь». Куратарства над ім узяў на сябе памочнік Лукашэнкі, інспэктар па Менску Аляксандар Барсукоў.

Прапанову стварыць новае фармаваньне ў складзе вайсковай часьці 3214 унёс камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў, падтрымаў яе кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў Іван Кубракоў, зацьвердзіў Аляксандар Лукашэнка.

«Ідэя стварэньня спэцыяльнага падразьдзяленьня ў МУС была выклікана часам і сытуацыяй вакол нашай краіны, — цытуе Zerkalo кіраўніка МУС Івана Кубракова. — Аналізуючы студзеньскія падзеі ў Казахстане, вопыт правядзеньня спэцыяльнай ваеннай апэрацыі ва Ўкраіне, а таксама падзеі ў нашай краіне ў 2020 годзе, мы вырашылі нарошчваць свае баявыя магчымасьці шляхам стварэньня атрадаў спэцыяльнага прызначэньня ў Менску, а затым і ва ўсіх абласных цэнтрах».

Паводле яго слоў, «у выпадку спробы экстрэмісцкіх фармаваньняў узьдзейнічаць на дзейную ўладу сілавым шляхам» супрацоўнікам «Рысі» трэба будзе выконваць баявыя задачы сумесна з калегамі з СПБТ «Алмаз», СОБРу і АМАПу.

5 сьнежня 2022 году ў Беларусі стварылі атрад спэцыяльнага прызначэньня па барацьбе з дывэрсійна-выведнымі групамі і незаконнымі ўзброенымі фармаваньнямі «Сьмерч».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG