Беларуская асацыяцыя журналістаў зьвярнула ўвагу, што Менскі гарадзкі суд прызначыў на 19 красавіка новы працэс над ужо асуджанай экс-супрацоўніцай Беларускай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Ксеніяй Луцкіной.
Як вынікае з графіку пасяджэньняў Мінгарсуду, раніцай 19 красавіка судзьдзя Тацяна Фалькоўская пачне разгляд у дачыненьні да Ксеніі «пытаньняў, зьвязаных з вынясеньнем прысуду, пастановы на выкананьне». Сутнасьць пры гэтым не канкрэтызуецца, як няма і адсылкі на артыкулы Крымінальнага ці Адміністрацыйнага кодэксаў.
Ці прывязуць саму Луцкіну на гэты суд, таксама невядома; не выключана, што гэта фармальная працэдура.
- Былую журналістку БТ Ксенію Луцкіну асудзілі 28 верасьня на 8 гадоў калёніі паводле ч. 1 арт. 357 КК («Змова ці іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады»).
- У зьняволеньні ў Ксеніі Луцкіной абвастрыліся праблемы са здароўем — пачала расьці пухліна ў галаўным мозгу, абвастрылася бранхіяльная астма. Ад пастаянных галаўных боляў журналістка вымушана прымаць абязбольвальнае.
- Вядома, што Ксенія адмовілася пісаць прашэньне аб памілаваньні на імя Лукашэнкі.