Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Казахстане затрымалі ўдзельнікаў мітынгу супраць вынікаў парлямэнцкіх выбараў


Дэманстрацыя актывістаў, якія заяўляюць аб фальсыфікацыі вынікаў пазачарговых парлямэнцкіх выбараў у Казахстане. Алматы, красавік 2023
Дэманстрацыя актывістаў, якія заяўляюць аб фальсыфікацыі вынікаў пазачарговых парлямэнцкіх выбараў у Казахстане. Алматы, красавік 2023

Улады ахарактарызавалі выбары як «сумленныя», а Генпракуратура заявіла, што «сур’ёзных парушэньняў не было».

У Алматы і Ўральску затрымалі ўдзельнікаў мітынгу супраць вынікаў парлямэнцкіх выбараў — палітыка Мухтара Тайжана і журналіста Лукпана Ахмедзьярава, пра гэта паведамляе казаская служба Радыё Свабода.

Мухтара Тайжана затрымалі па абвінавачаньні ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу, які адбыўся 9 красавіка 2023 года. Апазіцыянер апублікаваў відэа свайго затрыманьня на старонцы ў фэйсбуку.

«Мяне забіраюць за мітынг 9 красавіка. Па артыкуле 488 («парушэньне закона „Аб мірных сходах“). Не хвалюйцеся, я гатовы да адказнасьці», — напісаў палітык.

Аб сваім затрыманьні ў інстаграме напісаў журналіст і экс-кандыдат у дэпутаты парлямэнта Казахстана Лукпан Ахмедзьяраў. Ён суправадзіў пост відэа, на якім відаць, як ягоную машыну спынілі людзі ў бронекамізэльках і масках. Журналіст расказаў, што гэтыя ж мужчыны ў спэцадзеньні з раніцы дзяжурылі ў двары ягонага дома.

9 красавіка ў некалькіх гарадах Казахстана прайшлі мітынгі супраць вынікаў выбараў у Мажыліс — ніжнюю палату парлямэнта. На акцыю пратэсту ў Алматы выйшлі актывісты і былыя самавылучэнцы. Пратэстоўцы патрабавалі адмяніць вынікі парлямэнцкіх выбараў.

19 сакавіка 2023 года ў Казахстане прайшлі выбары ў ніжнюю палату парлямэнта Казахстана і ў мясцовыя саветы (масліхаты). Большасьць галасоў на парлямэнцкіх выбарах атрымала найбуйнейшая ў краіне партыя «Аманат», якая падтрымлівае прэзыдэнта Касыма-Жамарта Такаева. Кандыдатам ад партыі ўлады дасталіся 23 з 29 месцаў аднамандатнікаў у парлямэнце Казахстана.

Апазыцыйныя кандыдаты запісвалі відэа і гаварылі аб маштабных укідваньнях галасоў за праўладных кандыдатаў. Яны абвінавацілі ўлады ў маштабных фальсіфікацыях і заявілі, што будуць падаваць у суд з патрабаваньнем прызнаць несапраўднымі вынікі галасаваньня на ўчастках, дзе зафіксавалі ўкідваньні.

Прадстаўнікі незалежных назіральнікаў паведамлялі аб выдаленьні назіральнікаў з участкаў, абмежаваньні іх перамяшчэньня і адмове ў прадастаўленьні пратаколаў. Апроч мясцовых назіральнікаў, на праблемы празрыстасьці з падлікам галасоў і падвядзеньнем вынікаў указалі і назіральнікі АБСЭ. У сваёй справаздачы яны адзначылі, што «людзей, якія апускалі бюлетэні, было менш, чым афіцыйная яўка».

Тым часам улады ахарактарызавалі мінулыя выбары як «сумленныя», а Генэральная пракуратура заявіла, што «сур’ёзных парушэньняў не было».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG