Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Казахстану амніставаў удзельнікаў студзеньскіх пратэстаў. Дзяржава дапаможа ім з працай і мэдыцынай


Прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў
Прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў

Прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў падпісаў закон аб амністыі для паўтары тысячы ўдзельнікаў студзеньскіх пратэстаў, гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы прэзыдэнта.

Як паведамляе «Настоящее время», закон прадугледжвае неадкладнае вызваленьне з калёній больш як 40 асуджаных удзельнікаў студзеньскіх пратэстаў у краіне. Яшчэ каля 50 зьняволеных вызваляць цягам паўгода.

Акрамя гэтага, пад амністыю падпадуць супрацоўнікі праваахоўных органаў і вайскоўцы, якія спынялі супрацьпраўныя дзеяньні падчас студзеньскіх падзей і пры гэтым самі зьдзяйсьнялі крымінальныя правапарушэньні.

Усім вызваленым дзяржава абяцае дапамогу з працаўладкаваньнем, афармленьнем дакумэнтаў і мэдычным абслугоўваньнем.


Прэзыдэнцкая амністыя не распаўсюджваецца на фігурантаў спраў, зьвязаных з тэрарызмам, катаваньнямі, дзяржаўнай здрадай, карупцыйнымі злачынствамі і арганізацыяй масавых беспарадкаў падчас студзеньскіх пратэстаў.

Раней казахстанскія праваабаронцы выказалі асьцярогу, што закон аб амністыі дасьць магчымасьць многім сілавікам пазьбегнуць пакараньня як за стральбу па мірных жыхарах, так і за прымяненьне катаваньняў у адносінах да затрыманых. У Генпракуратуры Казахстану заявілі, што сярод тых, хто быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці па студзеньскіх падзеях, ёсьць і супрацоўнікі праваахоўных органаў — і з 49 сілавікоў толькі адзін можа быць амніставаны.

  • У канцы чэрвеня 2022 году Генэральная пракуратура Казахстану паведаміла, што ўстаноўленыя асобы 230 чалавек, якія загінулі ў студзені, але колькі зь іх былі забітыя сілавікамі, а колькі — самімі пагромшчыкамі, да гэтага часу невядома.
  • Масавыя пратэсты ў Казахстане пачаліся 4 студзеня зь мітынгаў супраць росту цэнаў на газ, затым яны перарасьлі ў масавыя акцыі з патрабаваньнямі адстаўкі ўладаў і зносам помнікаў Назарбаеву, далей пачаліся беспарадкі ў Алматы, Кастанаі і іншых буйных гарадах. Урэшце 7 студзеня, пасьля ўводу войскаў АДКБ і адключэньня ў краіне інтэрнэту, улады абвясьцілі, што парадак адноўлены.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG