Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інстытут вывучэньня вайны: Лукашэнка маўкліва пагаджаецца на фармалізацыю саюзнай дзяржавы з Расеяй, але адхіляе ўдзел у вайне


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін

«Лукашэнка ўсё больш губляе поле для манэўру з Крамлём на тле сталай кампаніі ціску з боку Расеі, каб фармалізаваць саюзную дзяржаву Расеі і Беларусі».

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) мяркуюць, што Аляксандар Лукашэнка вымушаны пагаджацца на далейшую інтэграцыю ў рамках так званай «саюзнай дзяржавы», каб пазьбегнуць непасрэднага ўдзелу Беларусі ў расейскай агрэсіі супраць Украіны.

«Лукашэнка ўсё больш губляе поле для манэўру з Крамлём на тле сталай кампаніі ціску з боку Расеі, каб фармалізаваць саюзную дзяржаву Расеі і Беларусі. Лукашэнка, магчыма, маўкліва пагаджаецца на далейшыя інтэграцыйныя захады, адначасова адхіляючы імаверна большае патрабаваньне Пуціна аб непасрэдным удзеле Беларусі ў вайне Расеі супраць Украіны», — адзначаецца ў справаздачы ISW па выніках сустрэч Аляксандра Лукашэнкі з рэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным 5 і 6 красавіка.

Амэрыканскія экспэрты зьвярнулі ўвагу на тое, што Расея і Беларусь аб’ядноўваюць намаганьні па імпартазамяшчэньні ва ўмовах заходніх санкцый і ў падтрымцы мікраэлектроннай прамысловасьці.

Як адзначаецца ў справаздачы Інстытута вывучэньня вайны, Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка шмат казалі аб актывізацыі эканамічнай супрацы, каб запэўніць расейскую і беларускую грамадзкасьць у тым, што санкцыі Захаду ня будуць мець доўгатэрміновых наступстваў.

Амэрыканскія экспэрты зьвярнулі ўвагу на тое, што перад сустрэчай Расея і Беларусь анансавалі стварэньне канцэпцыі бясьпекі «саюзнай дзяржавы», але ніякіх канкрэтных дэталяў не агучылі.

Лукашэнка знаходзіўся з візытам у Маскве 5 і 6 красавіка. Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка сустрэліся ўвечары 5 красавіка. Большая частка іх перамоў прайшла ў фармаце так званай «працоўнай вячэры», таму іх зьмест застаўся невядомым. Пазьней, пасьля выхаду да журналістаў, Лукашэнка заявіў, што «саюзныя праграмы» выкананыя на 80%.

6 красавіка ў Маскве адбылося пасяджэньне так званага Вышэйшага дзяржсавету «саюзнай дзяржавы». Сярод тэмаў абмеркаваньня — канцэпцыя бясьпекі «саюзнай дзяржавы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG