Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ГУБАЗіКу заявілі, што за сакавік «адпрацавалі» больш за 700 чалавек «за радыкальныя погляды»


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Беларускія сілавікі
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Беларускія сілавікі

Палітычны перасьлед у Беларусі працягваецца. Сакавік 2023 году стаў адным з самых актыўных для рэпрэсійных органаў Беларусі. Гэта прызнаюць і самі сілавікі, і праваабаронцы.

Толькі за апошні месяц ГУБАЗіК «адпрацаваў» больш за 700 чалавек, якіх раней «ужо ўзялі на аловак за іх радыкальныя погляды», заявіў у эфіры дзяржаўнага тэлеканала «Беларусь 1» намесьнік начальніка ГУБАЗіК МУС Беларусі Міхаіл Бедункевіч.

Паводле яго, у выніку 230 чалавек прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасьці, 155 зь іх — за «экстрэмізм».

«Назіраецца пэўная эскаляцыя экстрэмісцкай дзейнасьці ў вясновы пэрыяд. Бачым зварот радыкальных ініцыятываў да грамадзян праз розныя мэсэнджары з просьбай аказаць рознае садзейнічаньне, у тым ліку выведвальнага характару», — заявіў Бедункевіч.

Агулам Бедункевіч адзначыў, што сёньня «становішча ў краіне характарызуецца імклівай радыкалізацыяй дзеяньняў экстрэмістаў», і «на тэрыторыі Беларусі ёсьць і схаваныя ячэйкі, якія па заданьні працуюць як на збор інфармацыі, так і на падрыхтоўку розных акцый тэрарыстычнага характару».

А вось абразаў і пагрозаў у адрас сілавікоў, паводле яго, стала значна менш, бо «большая частку камэнтатараў затрымалі».

Па інфармацыі праваабаронцаў «Вясны», у сакавіку паводле адміністрацыйных артыкулаў затрымалі сама меней 614 чалавек. Беларускія суды вынесьлі ня меней за 433 рашэньні ў адміністрацыйных справах, зь іх прызначылі прынамсі 166 адміністрацыйных арыштаў і 36 штрафаў.

За сакавік у «пратэставых» крымінальных справах, паводле зьвестак праваабаронцаў, асудзілі сама меней 62 чалавекі, зь якіх 18 жанчын і 44 мужчыны. Ім агулам прысудзілі 166 гадоў і 5 месяцаў пазбаўленьня волі, 55 гадоў і 6 месяцаў «хатняй хіміі», 488 400 рублёў штрафаў і 3 месяцы арышту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG