Служба бясьпекі Ўкраіны абвінаваціла ўкраінскага ўцекача Юрыя Падаляку, які жыве цяпер у Маскве і называе сябе палітычным аглядальнікам, у дзяржаўнай здрадзе, прапагандзе вайны і апраўданьні агрэсіі Расеі.
Юрый Падаляка нарадзіўся ў Сумскай вобласьці, скончыў Сумскі ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці журналістыка. З 2013 году жыве ў Маскве і займаецца блогерствам. Яго часта запрашаюць у якасьці экспэрта дзяржаўныя СМІ Беларусі. Там яго называюць «украінскім палітолягам» або «украінскім палітычным аглядальнікам».
У 2020 годзе ён расказваў беларускім гледачам, што ўсе «каляровыя рэвалюцыі» адбываюцца паводле аднаго сцэнарыю, а Беларусь зьяўляецца прыкладам таго, як перадухіляліся дэструктыўныя дзеяньні».
Пасьля расейскага вайсковага ўварваньня ва Ўкраіну Падаляка расказваў аб тым, што расейцы да 1 красавіка 2022 году возьмуць Кіеў, а за паўмесяца — увесь украінскі Данбас і поўдзень. У канцы 2022 году ён пачаў прасоўваць наратыў аб тым, што «Польшча плянуе анэксаваць частку Ўкраіны і напасьці на Беларусь».
Як паведамілі ў СБУ, сьледчыя сабралі «вычарпальную доказную базу» злачынстваў Юрыя Падалякі, які, «знаходзячыся на тэрыторыі краіны-агрэсаркі, бярэ актыўны ўдзел у інфармацыйна-псыхалягічных апэрацыях расейскіх спэцслужбаў», заклікае да захопу Ўкраіны і падтрымлівае зьнішчэньне ўкраінскай цывільнай інфраструктуры.
Сьледчыя выставілі яму абвінавачаньні паводле пяці артыкулах Крымінальнага кодэксу, адзін зь іх (дзяржаўная здрада) прадугледжвае пакараньне да 15 гадоў пазбаўленьня волі.