Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму беларусы страляюць адзін у аднаго і без вайны


Ілюстрацыйнае фота, зробленае на вайсковым палігоне пад Асіповічамі Магілёўскай вобласьці, сакавік 2020 г.
Ілюстрацыйнае фота, зробленае на вайсковым палігоне пад Асіповічамі Магілёўскай вобласьці, сакавік 2020 г.

Ізноў у Беларусі стралялі ў юнака. Я, па шчырасьці, звыкла, што пра вулічную страляніну навіны звычайна прыходзяць з ЗША. І сьледам за такімі навінамі звычайна ідзе мэдыйная хваля абмеркаваньня законаў, зьвязаных з захоўваньнем і ўжываньнем агнястрэльнай зброі.

У Беларусі ж свая спэцыфіка, і грамадзкая рэакцыя на страляніну таксама іншая. Калі летась у бяззбройнага 16-гадовага падлетка стрэліў экс-кіраўнік ГУБАЗіКа, мы шмат гаварылі пра адчуваньне поўнай беспакаранасьці ў людзей, так ці інакш зьвязаных зь сілавымі структурамі. У новай справе са стралянінай — калі мужчына стрэліў у вока 18-гадоваму хлопцу, які гучна размаўляў на вуліцы побач зь ягоным домам, — мы пакуль нічога ня ведаем пра асобу нападніка. Але само па сабе гэтае злачынства — чарговы паказьнік таго, як у краіне, дзе адбываюцца палітычныя рэпрэсіі і дзяржаўны тэрор, у побытавых стасунках узровень гвалту таксама расьце.

Гэта сумная іронія, але навіна пра падстрэленага ў Горадні хлопца зьявілася роўна ў той жа дзень, калі Аляксандар Лукашэнка выступіў са зваротам да народу і парлямэнту. У гэтым звароце было і пра нібыта міратворчую дзейнасьць Лукашэнкі для спыненьня вайны Расеі супраць Украіны, і пра пляны так званага калектыўнага Захаду зруйнаваць Беларусь, і пра сацыяльную падтрымку шматдзетных сем’яў. Але асабліва мяне зацікавіў даўно вядомы, здавалася б, сюжэт. Лукашэнка раз за разам паўтараў, што ў Беларусі мір і што так павінна быць і надалей.

Рыторыку пра апраўданьне чаго заўгодна бясспрэчнай каштоўнасьцю міру, якую ў народзе часта называюць «абы не было вайны», я памятаю з маленства. Гэтаму мяне вучылі ў школе, пра гэта расказвалі дыктары дзяржаўнага тэлебачаньня ў выпусках навін. Але чым далей, тым больш фальшыва гучыць гэтая нібыта заклапочанасьць мірным жыцьцём.

Калі ў краіне толькі афіцыйных палітзьняволеных — амаль паўтары тысячы чалавек, калі ў ІЧУ, СІЗА і калёніях катуюць, калі людзі вымушаныя займацца рэйкавай вайной, каб спыніць расейскую вайсковую тэхніку, — гэта ня мір. Беларусь вельмі даўно не жыве ў міры.

Так, на яе тэрыторыю, на шчасьце, не ляцяць ракеты, але тое, што адбываецца цяпер у Беларусі, зусім нельга назваць мірным жыцьцём.

«Парадак і бясьпека на нашых вуліцах», — кажа Лукашэнка. «Прымальны парадак». Аказваецца, нематываваныя арышты, выкраданьні людзей (а калі невядомыя людзі ў звычайнай вопратцы, не прадставіўшыся, закідваюць вас у машыну без нумароў, — гэта менавіта выкраданьне чалавека), а таксама страляніна па бяззбройных падлетках — гэта прымальны парадак. І гэта нібыта тое, што робіцца, каб не было вайны.

Аказваецца, калі дарослы страляе ў падлетка за тое, што той сядзіць на лаўцы побач з пад’ездам, дзе жыве гэты дарослы, — гэта мір і парадак. І калі іншы дарослы страляе ў 18-гадовага юнака за гучную размову на вуліцы, — гэта таксама мір і парадак. Праўда, калі штосьці падобнае адбываецца ў Штатах — гэта страшнае наступства дэмакратыі і адсутнасьці традыцыйных каштоўнасьцяў. І ў 90-я страляніна была жахам. А цяпер усё ў парадку.

Падумаеш, страляюць на вуліцы. Гэта такі новы парадак.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG