Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь апынулася ў аўтсайдэрах рэйтынгу дэмакратыі паводле The Economist


Брытанскі часопіс The Economist апублікаваў штогадовае дасьледаваньне «Індэкс дэмакратыі», якое вызначыла найбольш і найменш дэмакратычныя краіны па выніках 2022 году.

У сьпісе краінаў, у якіх сытуацыя пагоршылася мацней за ўсё, — Беларусь і асабліва Расея, якая, паводле экспэртаў, набывае шмат якія я характэрныя рысы дыктатуры.

Як паведамляе Zarkalo, аналізаваўся стан дэмакратыі ў 167 краінах па пяці паказчыках: выбарчы працэс і плюралізм, дзейнасьць ураду, удзел у палітычным жыцьці, палітычная культура і грамадзянскія свабоды.

Дзяржавы падзяліліся на чатыры катэгорыі: «поўная дэмакратыя», «недасканалая дэмакратыя», «гібрыдны рэжым» і «аўтарытарны рэжым».

Беларусь увайшла ў апошнюю групу («аўтарытарны рэжым»), а таксама ў лік дзяржаваў, дзе дэмакратыя за мінулы год абрынулася мацней за ўсё і апусьцілася са 146-га на 153-е месца ў рэйтынгу. Іншыя дзяржавы ў гэтай катэгорыі — Расея, Буркіна-Фасо, Сальвадор, Гаіці, Туніс, Ірак, Ярданія, Мэксыка, Ганконг.

Ацэнкі даваліся па 10-бальнай шкале. У катэгорыі «палітычная культура» Беларусь набрала 4,38 балы, аднак па выбарчым працэсе і плюралізьме Беларусь не атрымала ніводнага бала.

Пры гэтым у Расеі зафіксаваны найбольшы дэмакратычны заняпад: краіна апусьцілася адразу на 22 пазыцыі, да 146-га месца.

Такія рэзкія зьмены аналітыкі зьвязваюць у тым ліку з вайной ва Украіне, жорсткім кантролем дзяржавы за СМІ, прыгнётам антываенных пратэстаў і рэпрэсіямі ў дачыненьні да апазыцыйных палітыкаў і актывістаў.

На думку экспэртаў, на нізкі ўзровень дэмакратыі ў РФ паўплываў цэлы набор фактараў. Сярод іх — імпэрскае мысьленьне, даўняя традыцыя падпарадкаваньня грамадзян дзяржаве, псыхалягічная траўма пасьля распаду СССР і пачуцьцё прыніжэньня ад страты статусу «звышдзяржавы», разгул злачыннасьці і карупцыі ў 90-я, пуцінская палітыка згортваньня дэмакратычных нормаў і спробе аднавіць Расею як імпэрыю.

Аналітыкі асобна адзначылі, што «Расея ніяк ня можа зьмірыцца з думкай пра незалежнасьць былых савецкіх рэспублік, асабліва Беларусі і Ўкраіны, і з тым фактам, што мільёны былых савецкіх грамадзян цяпер жывуць за межамі Расеі», — цытуе Zerkalo брытанскі часопіс.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG