У гэты пакет увойдуць боепрыпасы для рэактыўных сыстэм залпавага агню HIMARS і БМП Bradley, а таксама супрацьрадарныя ракеты HARM, супрацьтанкавыя гранатамёты і гаўбічныя снарады M777.
Таксама ў новым пакеце дапамогі ЗША перададуць Украіне вайсковыя рачныя катэры Riverine, якія выкарыстоўваюцца для дастаўкі і высадкі дэсанту.
З пачатку поўнамаштабнай расейскай агрэсіі кошт дапамогі ЗША Ўзброеным сілам Украіны склаў 32,5 млрд даляраў.
Раней прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, які наведаў сталіцу Ўкраіны напярэдадні гадавіны расейскага ўварваньня, анансаваў новыя пастаўкі «крытычна важнага абсталяваньня», у тым ліку артылерыйскіх боепрыпасаў, супрацьтанкавых сыстэм і сродкаў СПА.