«Эўрапейскі зьвяз прыняў да ўвагі рашэньне II дасудовай палаты Міжнароднага крымінальнага суду выдаць ордэры на арышт прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай па правах дзіцяці пры офісе прэзыдэнта (РФ. — Рэд.) Марыі Львовай-Бяловай у сувязі з падазрэньнем у злачынстве супрацьзаконнай дэпартацыі і супрацьпраўнай перавозкі дзяцей у кантэксьце сытуацыі ва Ўкраіне», — гаворыцца ў заяве, абнародаванай 19 сакавіка на сайце Эўрапейскай службы замежных дзеяньняў.
Высокі прадстаўнік ЭЗ нагадаў, што кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў краін — сяброў ЭЗ 15 сьнежня 2022 г. павіншавалі і «падтрымалі далейшыя намаганьні ў забесьпячэньні поўнай адказнасьці за ваенныя злачынствы і іншыя найбольш сур’ёзныя злачынствы, зьвязаныя з расейскай агрэсіўнай вайной супраць Украіны».
Як гаворыцца ў дакумэнце, ЭЗ разглядае рашэньне МКС як «пачатак працэсу прыцягненьня да адказнасьці ўсіх вінаватых, у прыватнасьці расейскага кіраўніцтва, за злачынствы і зьверствы, якія сталі магчымымі і чыняцца ва Ўкраіне на загад гэтага кіраўніцтва».
«ЭЗ таксама выказвае падтрымку расьсьледаваньню пракурора Міжнароднага крымінальнага суду ва Ўкраіне і заклікае да поўнага супрацоўніцтва зь ім усіх дзяржаў-удзельніц», — адзначаецца ў дакумэнце.
17 сакавіка Палата папярэдняга вядзеньня Міжнароднага крымінальнага суду выдала ордэры на арышт расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай пры прэзыдэнце Расеі ў правах дзіцяці Марыі Львовай-Бяловай. Гэтае рашэньне было прынята ў сувязі зь верагоднай адказнасьцю за ваеннае злачынства — незаконную дэпартацыю дзяцей.